Шмат у каго ўзніклі пытанні наконт праходжання Месяцам знакаў задыяка. Што гэта значыць, як ім карыстацца, каб вырасціць добры ўраджай.

Агароднікі з досведам добра ўжо ведаюць, што ёсць знакі задыяка ўрадлівыя, неўрадлівыя і малаўрадлівыя.  А калі хто далучыўся да агародніцтва ці калі хто забыўся, нагадваем:

Цялец, Рак, Шалі, Скарпіён, Казярог, Рыбы – гэта ўраджайныя, ці прадуктыўныя знакі задыяка.

Авен, Леў, Вадалей лічацца неўраджайнымі знакамі. Саджаць ці сеяць непажадана, але можна займацца праполкай ці апрацоўваць расліны ад хвароб і шкоднікаў.

Блізняты, Дзева, Стралец – знакі мала­ўрадлівыя.  

Месяц і знакі задыяка

Авен – гэта сонечны знак, кіруецца Марсам. Ён лічыцца неўрадлівым, але падыходзіць для пасадкі ўсяго, што расце хутка і адразу ідзе ў ежу: асабліва салаты, шпінату, шчаўя. Пры адпаведнай фазе Месяца можна садзіць цыбулю, часнок, перац. Добра ўбіраць садавіну і караняплоды.

Цялец кіруецца Венерай. Вельмі ўрадлівы знак. Падыходзіць для пасадкі ўсяго, што павінна мець добрую якасць і стойкасць пры захоўванні. Кветкі валодаюць павышанай трываласцю. Спрыяльны для пасадкі караняплодаў (асабліва бульбы), цыбульных раслін, бабовых, капусты, салаты, радыскі, рэпы, бручкі, дрэў і кустоў.

Блізняты кіруюцца Меркурыем і Празерпінай. Знак неўрадлівы для пасадкі і перасадкі раслін, акрамя клубніц, суніц, павойных культур, руж і хрызантэм. Добры для культывацыі пасеваў, пасадкі лесу і садаахоўных кустоў, збору клубняў і караняплодаў, абрэзкі дрэў і кустоў, прыгатавання ўгнаенняў.  

Рак – самы ўрадлівы знак. Асабліва падыхо­дзіць для пасадкі нізкарослых раслін (бахчавыя культуры, радыска, памідоры, буракі, цыбуля, морква, гарбуз, ружы, гіяцынты, браткі). Месяц у Раку садзейнічае пасадцы кустоў – парэчак, агрэсту, маліны. Дае добрыя вынікі прышчэпліванне. Сабраны ў гэтыя дні ўраджай доўга не захоўваецца. Яго лепш ужываць адразу. Добры час для нарыхтоўкі лекавых траў.

Леў неспрыяльны знак. Садзіць дрэвы можна толькі пры добрым паліве. Лепш заняцца праполкай, высяканнем дрэў, зборам садавіны і караняплодаў.

Дзева – малаўрадлівы знак. Добра растуць толькі дэкаратыўныя расліны (астры, крокусы, нарцысы, вяргіні, гладыёлусы, півоні). Падыходзіць для знішчэння пустазелля, праполкі.

Фота Ніны Манцэвіч.

Фота Ніны Манцэвіч.

Шалі – прадуктыўны і пладавіты знак, амаль як Цялец.  Можна са­дзіць усё пры адпаведнай фазе Месяца, убіраць клубні на насенне для доўгага захоўвання.

Скарпіён – урадлівы, блізкі да Рака. Асабліва спрыяльны для раслін з вострым смакам і лекавых, памідораў, кветак. Нельга капаць бульбу, прызначаную для захоўвання. Добра амаладзіць абрэзкай старыя дрэвы.

Стралец – малаўрадлівы знак, але не для ўсіх культур. Высяваюць цыбулю і травы, саджаюць часнок, бульбу, перац і радыску. Асабліва спрыяльны для высокіх і павойных раслін, збору насення маку, сланечніку, ­кме­­-ну. Час збору садавіны і караняплодаў.

Казярог – ён такой самай прадуктыўнасці, як і Цялец. Вылучаецца сухасцю і тэмпамі росту каранёў. Дрэвам надае доўгае жыццё і холадаўстойлівасць. Падыхо­д­зіць для пасадкі цыбулі, бульбы, караняплодаў, радыскі і падзімняй сяўбы гародніны (калі Месяц ідзе на спад). Можна садзіць агрэст, парэчкі, бабовыя (калі Месяц расце). Кветкам надае трываласць.

Вадалей – непрыгодны для пасадкі знак. Спрыяльны для культывацыі, знішчэння шкоднікаў, збору садавіны і караняплодаў.

Рыбы – урадлівы знак, раўнацэнны Раку. Добры для пасадкі гародніны і ягад, асабліва клубніц і маліны. Добра сеяць салату, пятрушку, шпінат, агуркі, радыску, гарбузы. Але захоўваецца сабраны ў гэтыя дні ўраджай нядоўга.