Пра гэта піша “Наша ніва” са спасылкай на БелТА.

Самагонны цэх 40-гадовы непрацуючы жыхар вёскі Яхімоўшчына Маладзечанскага раёна вырашыў арганізаваць проста ў двары ўласнага дома. Гаспадар падворка паставіў вытворчасць самагону на прамысловую аснову: брага “хадзіла” ў чатырох тысячалітровых спецыяльных ёмістасцях, падаграваных газавымі гарэлкамі. Для сілкавання гарэлак адначасова падлучаліся 2 балоны з прапанам, аб’ём ёмістасці для кандэнсацыі спіртавых пароў складаў больш за 3 тысячы літраў, а гатовы прадукт выцякаў па чатырох змеевіках адначасова.

Домаўладанне акружаў высокі плот, яго ахоўвалі сабакі і сістэмы відэаназірання. Падчас гонкі самагону дом ахоўвалі сваякі гаспадара.

Паводле самых сціплых ацэнак, магутнасці завода дазвалялі выганяць больш за 500 літраў самагону за адну гонку, а выкарыстанне газу дазваляла выключыць наяўнасць тыповых прыкмет самагонаварэння: дыму з трубы, сажы і паху.

Адходы вытворчасці перавозіліся на свінаферму непадалёк, якая належыць уладальніку падворка. Ферма стала прыкрыццём для самагоннага цэха: не выклікаючы падазрэнняў, самагоншчык спакойна купляў і прывозіў дадому буйныя партыі мукі, нібыта на корм.

Каб узяць самагоншчыка з доказамі злачынства, АМАПаўцы некалькі гадзін сядзелі ў засадзе і вялі назіранне за домам. Канфіскавана 240 літраў самагону, каля 6 тон брагі і самагонны апарат.