Жыхара Валожыншчыны сёлета 17 студзеня супрацоўнікі ДАІ спынілі для праверкі дакументаў, бо ехаў на машыне, у якой не было бампера і дзяржнумара. Аказалася, гэта толькі дробязь, за якую яго можна было затрымаць.

Мужчыну спынілі, калі ён ехаў з вёскі Камень у вёску Сівіцу. Адлегласць паміж імі 17 кіламетраў.

Як распавяла старшая следчая Валожынскага РАСК Юлія Селятыцкая, аўтамабіль, якім кіраваў мужчына, не зарэгістраваны і ў яго не пройдзены тэхагляд. У машыне ехалі жонка, а таксама малыя дзеці, якія перавозіліся без спецыяльных дзіцячых аўтамабільных крэслаў. Старэйшаму дзіцяці – тры з паловай годзікі, малодшаму – паўтара.

Пасведчання кіроўцы ў мужчыны не было. Больш за тое, ён ніколі не вучыўся на кіроўцу, але пакіраваць машынамі – аматар.

Як зазначыла Юлія Селятыцкая, у 2011 годзе яго судзілі за кіраванне паўторна цягам года ў нецвярозым стане. Потым яго прыцягвалі да адказнасці за невыкананне прыгавору суда, калі ён зноў сеў за руль.

Тады мужчыну прысудзілі штраф у 100 базавых велічыняў, абмежаванне волі без накіравання ў выпраўленчую ўстанову і пазбаўленне права кіравання транспартнымі сродкамі.

Калі яго затрымалі сёлета 17 студзеня, частку пакарання ён ужо адбыў і засталося толькі пазбаўленне права кіравання транспартам.

– Жонка кіроўцы была ў курсе, што яе мужу нельга садзіцца за руль, аднак жаданне з’ездзіць у госці да сваякоў перамагло, – дадае старшая следчая.

Аўтамабіль, на якім ездзіў мужчына, ён набыў у аднавяскоўца без пераафармлення дакументаў.