Эсэ пяцікласніка з Маладзечна Дзмітрыя Брыля для конкурсу “Рэгіянальнай газеты” “Напішы эсэ і выйграй смартфон”.

У нашай краіне мноства рэк, азёр. Беларусь так і называюць – краіна сініх рэк і азёр. Лясы – наша багацце – шчодра абдорваюць ягадамі, грыбамі. У Белавежскай пушчы жывуць асілкі-зубры ды іншыя рэдкія жывёлы і птушкі: барсук, рысь, чорны бусел, сава балотная, шэры журавель.

Мая краіна мае славутае мінулае. Часы Вялікага Княства Літоўскага называюць “залатым векам” Беларусі. Вядомыя дзеячы палітыкі, права, мастацтва, а таксама знатныя ваяводы прадстаўлялі дзяржаву з сусветным імем: канцлер Леў Сапега, Мікалай Радзівіл Чорны, Францішак Скарына, гетман Хадкевіч.

У Беларусі шмат старажытных мясцін: замкі ў Міры, Навагрудку, Лідзе, Камянецкая вежа, Сафійскі сабор, мноства старых касцёлаў.

Зусім недалёка ад Маладзечна ёсць сядзіба вядомага кампазітара Міхала Клеафаса Агінскага.

Шмат чаго пра Беларусь я яшчэ не ведаю, але абавязкова буду пазнаваць, шукаць, вандраваць.