Эсэ адзінаццацікласніцы з Маладзечна Ганны Шакель для конкурсу “Рэгіянальнай газеты” “Напішы эсэ і выйграй смартфон”.

“– Якія мясціны Беларусі  Вы найбольш любіце і ведаеце?

– Люблю ўсе месцы на Беларусі. Ведаю таксама ўсе. Некаторыя болей, некаторыя меней. Найбольш – Прыдняпроўе, Палессе, Прыдзвінне, Наваградчыну… А ўсе ведаю і ўсе люблю. І яшчэ Далёкі Усход, Украіну, Урал, горны Крым і Каўказ. І, пасля Беларусі, больш за ўсё – мора.  І іншыя краіны люблю…

Ведаць – гэта адзінае вартае на зямлі. Пасільна ўмець – другое. А ведаць і ўмець – гэта і ёсць фундамент чалавека, якім ён, чалавек, павінен быць”.

Магчыма, многія не здагадаюцца, з якога інтэрв’ю я прывяла гэты ўрывак. Дык вось менавіта так адказаў на зададзенае пытанне Уладзімір Караткевіч, які быў упэўнены, што самая цікавая навука – гэта жыццё. Менавіта з нарыса Караткевіча  “Зямля пад белымі крыламі” і ўвогуле з усёй  яго творчасці я змагла набыць самыя разнастайныя веды пра Беларусь, маю Радзіму.

Запалі ў душу словы пісьменніка, якімі ён заканчвае свой нарыс: “Любіце гэтую сваю святую зямлю аддана і да канца. Іншай вам не дадзена, дый не трэба. Але калі вам, дарагія мае дзяўчаты і хлопцы, захацелася пасля прачытанай кнігі прайсці па шляхах нашай Беларусі, нашай зямлі пад белымі буслінымі крыламі, пахадзіць гэтымі дрымучымі дубровамі, праплысці гэтымі поўнымі рэкамі – буду лічыць, што работа мая зроблена. Буду шчаслівы”.

І мне, сапраўды, захацелася адправіцца ў падарожжа па шляхах Беларусі, наведаць усе яе славутыя мясціны, а яшчэ завітаць і ў глухія беларускія вёскі ў пошуках носьбітаў традыцыйных беларускіх песень і танцаў. Але дзе ж пабываць у першую чаргу? У якія  мясціны можна запрасіць сяброў, гасцей з-за мяжы?

Напэўна, мой аповед пра Беларусь чалавеку, які нічога пра яе не ведае, быў бы не карацейшым за казкі “Тысячы і адной ночы”. Але перш за ўсё мне як ураджэнцы Маладзечна хочацца ўспомніць пра Маладзечанскі замак – цэнтр абароны сярэдневяковага Маладзечна, які быў пабудаваны на  беразе  Ушы і існаваў у 14-18 стагоддзях. На месцы замка засталіся толькі земляныя валы. Чытала, што запланавана добраўпарадкаванне тэрыторыі Маладзечанскага замчышча. Ведаю, што і праект замчышча ўжо існуе. Вельмі хочацца спадзявацца на тое, што яго атрымаецца аднавіць і яно стане папулярным, вядомым, і будзе там і горад майстроў, і батанічны сад, і адновяць канал…

Неверагодна вабіць да сябе гістарычная спадчына Беларусі, якая жыве на дне больш чым пяцідзесяці азёраў, якая схаваная недзе на старым замчышчы або пры алтары касцёла, што цераз дарогу, якая ходзіць па ўсіх вуліцах Браслава – горада, поўнасцю прасякнутага гісторыяй.

З Браславам вельмі моцна звязанае маё жыццё, а яшчэ мацней – жыццё маіх продкаў. Маім бацькам пашчасціла нарадзіцца ў гэтым азёрным краі. Хаця цяпер мы жывём у Маладзечне, карані нашай сям’і пераплеценыя менавіта там. Калі прозвішча маё адзінае такое ў маладзечанскай тэлефоннай кнізе, то спіс Шакеляў у Браславе займае ажно некалькі старонак. Таму цікаўлюся браслаўскай гісторыяй і захапляюся мясцовымі краявідамі.

Лічыцца, што заснаваў Браслаў полацкі князь Брачыслаў, ад імя якога і пайшла назва горада. Ён пабудаваў тут свой замак. Варожа настроеныя суседзі дзякуючы яму не маглі прайсці праз Браслаў: сам замак стаяў паміж двух азёр, а далей азёры чаргаваліся з дрыгвой і густым лесам.

У Браславе таксама ёсць цудадзейны абраз Маці Божай Браслаўскай, Валадаркі азёраў. Кожны год у жніўні сюды прыходзяць пілігрымы з усёй Беларусі і з замежжа. Касцёл, у якім можна пакланіцца гэтаму абразу, пабудавалі яшчэ мае прапрадзеды.

Вы спытаеце, чаму маё падарожжа звязанае толькі з замкамі, з гісторыяй. Дык зазначу, што пра ўсю Беларусь адразу не раскажаш. Цікавая ж у нас не толькі гісторыя, але  незвычайная чароўная і прырода.

Таму скажу яшчэ, што цудоўна пабываць на Нарачаншчыне: жыць у палатках, вудзіць рыбу, пісаць эцюды, фатаграфаваць – падобную прыгажосць наўрад ці дзе-небудзь яшчэ сустрэнеш.  Мару павандраваць па Ушаччыне, яе невялікіх лясных азёрах. Уражваюць сваёй магутнасцю і сталым спакоем нашыя беларускія рэкі: Дняпро, Дзвіна, Нёман. Заўсёды дзіўлюся, як з дапамогай музыкі можна ствараць такія яскравыя вобразы, але твор беларускага кампазітара Аліны Безенсон “Гоман Нёмана”, які я іграю на цымбалах, на маю думку, не толькі сваёй дынамікай вельмі дакладна перадае рух хваляў ракі, але яшчэ і магічным чынам паказвае, што гэта рака – беларуская.

Мне вельмі падабаюцца радкі паэткі Н. Загорскай:

Люблю цябе такой, якая ёсць,

Зямля мая, зямля бацькоў святая, –

Мая слязінка –  са святла наскрозь,

Маё прычасце, мой святлісты лёс…

З табой і паміж бедаў я світаю.

Мая Беларусь… Еўрапейская дзяржава – зялёны лiсток на карце: замкі, лясы, пералескi, лугi, пушчы, рэкі, азёры…

Але ўсё адно галоўны скарб нашай зямлі – ЛЮДЗI! Яны ўслаўляюць нашу зямлю, нясуць у свет добрае iмя беларусаў.

І найвялікшае шчасце для мяне – сустрэць людзей, поўных мудрасці, любові і адданасці Радзіме. Бо тады ты бачыш жывы прыклад сапраўднага беларуса, патрыёта сваёй Айчыны, і сам узбагачаешся духоўна.

“Ці задумваліся, які ён, беларус?… Што гэта за народ? Беларус якраз адрозніваецца шчодрасцю, заўсёднай гатоўнасцю прыйсці на дапамогу ў бядзе. Калі раней у каго на вёсцы здараўся пажар – вёска талакою ішла красці панскі лес, калі не было свайго, і за пару дзён ставілі пагарэльцу новую хату, дзялілася з ім жытам…  Потым з кожнай хаты неслі рэчы: хто посцілку, хто палатно, хто гаршкі. Галоўнае ў нашым характары – гасціннасць добрага да добрых” (Уладзімір Караткевіч “Зямля пад белымі крыламі”).

І я заклікаю вас выхоўваць і захоўваць у сабе гэтыя рысы, пра якія піша Караткевіч, каб любы замежнік, нават толькі пазнаёміўшыся з вамі, адразу зразумеў, якая яна, Беларусь.