У другім туры ў вышэйшай лізе чэмпіянату Гродзенскай вобласці па міні-футболе абедзве каманда з рэгіёна дома прайгралі.
“Вілія” са Смаргоні 21 лютага прайграла “Энергіі” з Зэльвы 4:6. “Ашмяны” саступілі ФСК “Гродзенскі” 8:11.
У турнірнай табліцы па-ранейшаму “Вілія” ідзе на трэцім месцы, “Ашмяны” – на шостым.
У першай лізе чэмпіянату вобласці “Меліяратар” з Астраўца выйграў у “Беллакта” 8:7. Каманда з Астраўца ўзнялася на трэцяе месца.
Золата і бронза віляйчан на “Кубку сталіцы”
У Мінску 20 лютага прайшоў адкрыты рэспубліканскі турнір па традыцыйным каратэ “Кубак сталіцы-2016”.
Удзельнічалі каля сямісот спартсменаў з розных куткоў Беларусі: Брэста, Оршы, Барысава, Гродна, Мазыра, іншых гарадоў. Шмат камандаў было з Мінска.
Удзельнічалі ў турніры таксама віляйчане.
– Выдатна правёў усе паядынкі Дзмітры Стражнікаў, – расказвае трэнер вілейскага клуба “Самурай” Сяргей Кірыевіч. – Крыху не хапіла, каб ён выйшаў у фінал: лічу, што і суддзі дапамаглі саперніку. Дзмітры змагаўся ў паядынку за трэцяе месца і ўпэўнена перамог.
Павел Кірыевіч выступаў у катэгорыі 18 год і старэйшыя. За выхад у фінал выйграў паядынак 5:0 у свайго аднагрупніка з універсітэта фізічнай культуры.
У фінале адразу саступаў, потым усе ж перамог і ў выніку стаў чэмпіёнам.
Адзначыў Сяргей Кірыевіч дастойнае выступленне Аляксея Шырочына. Спартсмен змагаўся за трэцяе месца, але стаць бронзавым прызёрам не ўдалося: заняў чацвёртае месца.
“Зубраня” атрымала пятую перамогу запар
На мінулым тыдні прайшлі тры гульні пятага тура чэмпіянату Мядзельскага раёна па міні-футболе. Каманда аддзела адукацыі, спорту і турызму перайграла ФК “Юніян Нарач” 7:0.
Яшчэ большы лік быў у матчы “Зубраняці” з “Сілавіком” – 9:0 на карысць “Зубраняці”.
Самай напружанай выдалася гульня “Юнацтва”-”Спадарожнік”. Першым забіў гол “Спадарожнік”. На перапынак каманды пайшлі пры ліку 1:1.
– У другім тайме ў гульцоў “Спадарожніка” было шмат момантаў, іх сапернікаў выручалі штанга і перакладзіна. Але “Юнацтва” здолела забіць другі гол і ўтрымаць пераможны лік, – расказаў дырэктар Мядзельскага фізкультурна-аздараўленчага цэнтра Андрэй Русак.
Крывіцкія вучні выйгралі чэмпіянат па валейболе
У райцэнтры 19 лютага адбыўся чэмпіянат раёна па валейболе ў групе “А” сярод школьнікаў. Удзельнічалі пяць камандаў, у якіх былі вучні 2001 года нараджэння і маладзейшыя.
Перамагла каманда з Крывічоў. На другім месцы прадстаўнікі Свірскага сада-сярэдняй школы, на трэцім – Мядзельскай СШ №1.