Учора ў Вілейцы адбылася сесія раённага Савета дэпутатаў. Адно з пытанняў на ёй было “Аб назве вуліц г. Вілейка”.

Як назваць вуліцы ў новым раёне індывідуальнай жылой забудовы “Паўночны-4”, вырашалі з дапамогай віляйчан. На выбар прапаноўвалі восем кандыдатур. Віляйчане маглі прагаласаваць па тэлефоне ці ў інтэрнэце, у тым ліку на нашым сайце.  

Найбольш галасоў падалі за паэтку, ветэрана Вялікай Айчыннай вайны грамадскага дзеяча, член Саюза пісьменнікаў Беларусі Ганну Новік – 39, народнага паэта Беларусі Максіма Танка – 30, краязнаўцу, даследчыка гісторыі Вілейшчыны і Беларускага Павілля, інжынера-энергетыка Анатоля Рогача – 26, педагога, паэта, публіцыста, члена Саюза пісьменнікаў Беларусі Івана Лашутку – 24.

Дэпутаты раённага савета прагаласавалі за гэта рашэнне.

Пры падліках улічваліся галасы, якія аддалі чытачы і наведвальнікі сайта “Рэгіянальнай газеты”. На сайце “РГ” таксама лідзіравалі названыя вышэй чатыры кандыдатуры. Вынікі на дзень заканчэння галасавання на нашым сайце былі такія: Ганна Новік – 28 галасоў,  Максім Танк – 17,  Іван Лашутка – 17, Анатоль Рогач –  15.  

Астатнія чатыры прэтэндэнты атрымалі прыкметна менш галасоў нашых чытачоў: Уладзіслаў Страмінскі – 9,  Міхаіл Казінец – 7,  Іван Кандрацьеў – 4,   Аляксандр Азончык – 2.   

– Цяпер будзе магчымасць прысвоіць юрыдычны адрас зямельным участкам для пабудовы індывідуальнага жылога дома ў раёне “Паўночны-4” – напрыклад, вуліца Анатоля Рогача, 1, – тлумачыць начальнік аддзела архітэктуры і будаўніцтва райвыканкама Галіна Кажарновіч. – Будзем фарміраваць зямельныя ўчасткі і выдзяляць людзям.