Напярэдадні пачатку новага футбольнага сезона ў Маладзечне і не толькі разгараюцца сур’ёзныя баталіі. 

Па-ранейшаму не вырашанае пытанне з тым, ці будзе ўсё ж такі Маладзечна заяўленае ў другую лігу.

Загадчык сектара фізічнай культуры, спорту і турызму аддзела  адукацыі Маладзечанскага райвыканкама Аляксандр Кавалёў расказаў “Рэгіянальнай газеце”, што меркавана ў чацвер адбудзецца сустрэча кіраўніцтва каманды і старшыні Маладзечанскага райвыканкама па пытаннях лёсу маладзечанскай каманды.

– Асабіста я не разглядаю такога варыянта, што каманды з Маладзечна не будзе на рэспубліканскіх спаборніцтвах. Канешне, усё ўпіраецца ў фінансы. Я разумею пазіцыю трэнера Аляксандра Гармазы, што ён не хоча падводзіць гульцоў. Давайце пачакаем пару дзён.

А пакуль Маладзечна чакае нейкага рашэння ад райвыканкама, маладзечанскія футбалісты пакідаюць каманду.

На сёння вядома, што Уладзіслаў Фядотаў будзе іграць за мінскую каманду “Іслач”. За сталічны “Прамень” у гэтым сезоне будзе іграць Ігар Талькоўскі.

Юры Бугай і Цімафей Ігруша цяпер знаходзяцца на праглядзе ў футбольным клубе “Смаргонь”, які гуляе ў першай лізе.

– Калі зацікаўлю трэнерскі штаб, – расказаў Цімафей Ігруша “Рэгіянальнай газеце”, – то буду гуляць за Смаргонь. Для мяне гэта, вядома, кар’ерны рост. Таму што Маладзечна нават не думае заяўляцца ў першую лігу.

Яшчэ двое маладзечанцаў знаходзяцца на праглядзе ў камандзе з Ашмянаў.

– Толькі імёны я пакуль назваць не магу, – кажа старшыня футбольнага клуба “Ашмяны” Іван Маліна, – каб раней часу не злаваць вашага Аляксандра Гармазу.

У Ашмянаў з Маладзечнам “незакончаны раман”

Іван Маліна шкадуе аб тым, што за мінулы сезон так і не ўдалося высветліць, якая каманда мацнейшая:

– У нас з Маладзечнам “незакончаны раман”. Дзве гульні ў мінулым сыграныя ўнічыю. Шкада, што сёлета працягу дэрбі не будзе. Мы ідзём у першую лігу, а Маладзечна…

– Адкуль у Ашмянаў грошы на заяўку?

– 120 мільёнаў – гэта на сённяшні дзень не такія вялікія грошы. Цяпер мы збіраем неабходныя дакументы, каб прайсці працэдуру ліцэнзавання, грошы на заяўку ў нас ёсць. У першай лізе павінны іграць прафесіяналы са стабільным заробкам. Таму будзем прыцягваць спонсараў, сам клуб будзе зарабляць на рэкламе, на гандлі ў розніцу.

– Гульцы ашмянскія?

– Не. У Ашмянах і да сёння няма дзіцячай футбольнай секцыі. І да 2015 года, лічы, футбола у нашым горадзе не было. Хаця, маючы два такія выдатныя стадыёны, не мець каманды – гэта няправільна.

Сёння на праглядзе ў камандзе знаходзяцца 22 спартсмены.

– Гэта хлопцы з мінскага “Дынама”, са Ждановічаў, некалькі чалавек з дубля БАТЭ, якія так і не зайгралі ў Барысаве, двое футбалістаў з Маладзечна.

– Імёны так і не назавяце?

– Пакуль рана гаварыць пра гэта. Трэніроў­кі, фізічныя нагрузкі ў спартыўнай зале – гэта добра, але гульцоў трэба адбіраць у гульні. Вось у нядзелю і паглядзім.

У нядзелю, 28 лютага, на стадыёне ў Чысці адбудзецца таварыскі матч ФК “Ашмяны” супраць каманды “Крумкачы”.

Пачатак сустрэчы ў 16:30.