“Рэгіянальная газета” паведамляла, што напачатку студзеня супрацоўнікі Мядзельскай міжраённай інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету затрымалі 29-гадовага жыхара Вілейскага раёна. Ён з выкарыстаннем сеткі незаконна здабываў рыбу.

Адбылося гэта на Вілейскім вадасховішчы паблізу вёскі Несцеркі. Налавіў мужчына 33 кілаграмы рыбы: 26 срэбных карасёў, 10 судакоў, пяць ляшчоў і чатырох шчупакоў.  Па гэтым факце ўзбудзілі крымінальную справу.

Суд Вілейскага раёна разгледзеў яе 5 лютага. Мужчыну прызналі вінаватым у здабычы рыбы забароненымі прыладамі і спосабамі, якая прывяла да прычынення шкоды ў буйным памеры, паведаміла вядучы спецыяліст суда Вілейскага раёна Таццяна Ткачова. Жыхар Вілейшчыны – раней не судзімы. Прызначылі яму пакаранне – штраф  амаль у 20 мільёнаў рублёў. Таксама спагналі ў даход дзяржавы ў пакрыццё прычыненай шкоды каля 14 мільёнаў рублёў і дзяржаўную пошліну –  амаль 700 тысяч рублёў.

Мужчыне прадаставілі месячны тэрмiн з дня ўступлення прысуду ў законную сілу для добраахвотнай выплаты штрафу і кампенсацыі шкоды.

Прысуд абскарджаны і апратэставаны не быў і ўступіў у законную сілу.