Убачыць ці проста пачуць з вуснаў кагосьці пра беларускі старажытны абрад сёння вялікая ўдача. Наш зямляк, гісторык, краязнаўца і фатограф Сяргей Лескець збірае іх як дыяменты ў скарбонку не адзін год. 

Ён пачаў рэгулярна выпраўляцца ў вандроў­кі па нашым рэгіёне яшчэ ў студэнцкія гады. Грукаўся ў хаты, заво­дзіў размовы з бабулямі і дзядулямі, занатоўваў тое, што падавалася яму найбольш цікавым.

Калі Сяргей прафесійна стаў займацца фатаграфіяй, многія абрады фіксаваў на здымках. Прычым цяпер ён не абмяжоўваецца рэгіёнам, а занатоўвае абрады, якія праводзяць па ўсёй Беларусі. Мы распавядзём толькі пра некаторыя, пачутыя альбо ўбачаныя ім. І распавя­дзём яго вуснамі.

Сяргей Лескець: “Самае цікавае ў абрадах, што яны не ўніверсальныя для ўсёй Беларусі. У кожнага рэгіёна нешта сваё. Для мяне, чалавека ашмянскіх узвышшаў, незвычайна прыехаць на Палессе, багатае рэкамі, і пабачыць, як людзі жывуць. Там жа паўсюль вада, вада, вада і кусты пасярод вады. Як міфічная прастора. Некаторыя мясцовыя дагэтуль вераць у вадзяных і вядзьмарак”.

Жаночая містэрыя на Запусты

Ваколіцы Кемелішак, Астравецкі раён

Большасць этнографаў мінулага стагоддзя былі мужчынамі. Яны ездзілі па вёсках, размаўлялі з мясцовымі, запісвалі традыцыі. Але існавалі абрады, на якія мужчын не дапускалі. Жанчыны нават распавядаць саромеліся пра тое, што адбывалася падчас такіх сходаў. Некаторыя рэчы замоўчвалі. Вось і пра запуставы абрад (у праваслаўнай традыцыі – Масленіца) на Астравеччыне стала вядома выпадкова.

Гэту традыцыю апісаў краязнаўца Стэфан Казлоўскі, якому пашчасціла прысутнічаць на абрадзе. Стэфану тады было 3,5 года, і не было як выправіць яго з хаты, дзе ўсё адбывалася. Хата гэтая належала яго бабулі. 

Удзельнічалі ў абра­дзе жанчыны, якія звычайна мелі ўжо і дзяцей, і ўнукаў. Яны збіраліся ў адной хаце, накрывалі на стол, завешвалі вокны і зачыняліся. За сталом заводзілі гаворку пра тое, што хутка вясна і трэба знайсці сяўца. У гэты момант ён і з’яўляўся: у масцы і з таўкачом паміж ног. Сяўцу падносілі чарку, частавалі прысмакамі. Пасля жанчыны садзіліся на лавы і ложкі ўздоўж сцен. Пакуль сейбіт сеяў збожжа, а дакладней, рассыпаў насенне, яны спявалі песні, задзіралі высока ногі і спадніцы ды не скупіліся на непрыстойныя жартачкі і прымаўкі.

Праз нейкі час пасля таго, як праводзілі сейбіта і сабралі з падлогі збожжа, з’яўляўся касец. Толькі замест касы ў яго руцэ была качарга, на твары – маска, паміж ног, як і ў сейбіта, – таўкач. Пачаставалі жанчыны і касца. Тады ён узяўся касіць пасеяную сейбітам збажыну.

Пасля касца прыхо­дзіў трэці герой свята – пані Сёрба – увасабленне сувязі з іншым светам, канца гадавога цыкла жыцця. Твар яе таксама хавала маска, вопратка была зробленая з мяхоў і торбаў. У адной руцэ яна трымала пусты мех, а ў другой – мяшалку з начэпленым зверху пустым чыгуном.

Дагледзець абрад маленькаму Стэфану перашкодзіў сон. Хутчэй за ўсё, абрад і заканчваўся прыходам Сёрбы, бо да поўначы трэба было паспець не толькі дапіць і даесці тое, што было на стале, але і прыбрацца ў хаце.

Калі сёлета будуць святкаваць Масленіцу

Масленіца з пахаваннем дзеда

Вёскі Даўгапольскага сельсавета Гарадоцкага раёна Віцебскай вобласці

Па легендзе, хаваюць дзеда, які ў апошнія дні перад постам падавіўся косткай і памёр. Вяскоўцы збіраюцца ў хаце, дзе “памерлы” ўжо ляжыць у труне. Дзед гэты, хоць і набіты саломай, апрануты ў сапраўдную адзежу і выглядае досыць натуральна. Паміж ног у яго непрыстойна тырчыць морква.

Жанчыны з паўгадзіны галосяць каля памерлага: “А на каго ж ты нас пакінуў…”. Узгадваюць, якім ён быў добрым гаспадаром і як любіў хадзіць па бабах. Меў шмат жонак і яшчэ больш дзяцей.

У спадзяванні, што дзед яшчэ ачуняе, клічуць доктара, але той канстатуе смерць. Прыходзіць поп з кадзілам, апявае памерлага. Па­чынаецца развітанне з дзедам. Як толькі новая жанчына падыходзіць да яго, морква паміж ног падымаецца. Вядома, з дапамогай галашэльніцы, што сядзіць тут жа побач сярод іншых і тузае за прывязаную да морквы вяровачку. Высвятляецца, што дзед і да адной бабы хадзіў, і да другой ха­дзіў, і што паўсюль у яго ўнукі і праўнукі.

Потым дзеда кладуць на сані, каб везці хаваць. Кругам правозяць па вёсцы і пад бярозамі закопваюць у снег. А далей усе ўдзельнікі вяртаюцца ў хату і спраўляюць “памінкі”.

Русальны тыдзень

Вёскі Любанскага раёна Мінскай вобласці

У некаторых рэгіёнах яго святкавалі замест купальскага тыдня. З цягам часу абрад забыў­ся, яго аднавілі на Любаншчыне.

Традыцыйна русалак асацыявалі з душамі тапельніц або загінулых немаўлят. Лічылася, што русалкі могуць знаходзіцца на сушы, пакуль у іх не высахнуць валасы. Але русальны тыдзень – выключэнне. У гэты час русалкі доўга блукаюць па ваколіцах, зазіраюць у вёскі і калі на дарозе сустрэнуць маладога хлопца, могуць заказытаць яго да смерці.

Абрад у русальны тыдзень мусіць аберагаць людзей ад водных прыгажунь. У вёсцы сярод самых прыгожых дзяўчат абіраюць тую, што будзе русалкай. Яе апранаюць у белую сукенку, распускаюць валасы і надзяваюць самы прыгожы вянок.

Іншыя дзяўчаты вёскі таксама плятуць і ўскладаюць вянкі.

Падчас гуляння дзяўчаты са збанамі вады падыходзяць па чарзе да старэйшай жанчыны, якая кіруе гуляннем і загаворвае на адвод русалак, і выліваюць у яе збан ваду. На кім збан перапаўняецца, тая палівае вадой усіх, хто сабраўся на гулянне. Лічыцца, што гэта надае сілу і зда­роўе.

На гулянні дзяўчаты-нявесты спальваюць свае вянкі ў вогнішчы, каб не згубіць здароўе і прыгажосць.

Русалку ж выводзяць з вёскі да вады, дзе яна пускае вянок.

Лічыцца, што пасля гэтага абраду цягам года русалкі не будуць шкодзіць людзям.

Абрад абворвання

Вёска Баброўнікі, Астравецкі раён

Рабілі яго на вельмі страшную бяду. Я пра гэты звычай пачуў ад адной жанчыны з Баброўнікаў, якой пра гэта расказвала бабуля. А тая пачула ад сваёй бабулі. У той час панавала халера, шмат людзей памірала. Каб выратавацца, вырашылі правесці абрад.

Згодна з ім, усім жанчынам вёскі трэба было талакой за адну ноч саткаць ручнік. Раніцай абысці з ім вакол вёскі і спаліць на скрыжаванні. Пасля на тым месцы паставіць крыж. Так вяскоўцы і зрабілі. Час мінуў, хвароба мінавала. Калі крыж струхнеў, непадалёк ад яго збудавалі каплічку святога Рафала, якая і надалей мусіла аберагаць мясцовых ад розных напасцяў.

Перанос Варварынскай свечкі

Вёска Басценавічы Мсціслаўскага раёна Магілёўскай вобласці. Ёсць звесткі, што абрад праводзяць таксама на Мядзельшчыне, Брэстчыне, Барысаўшчыне

Узнікненне свечкавых саюзаў, згодна з гісторыяй, цягнецца з дахрысціянскіх часоў. Першапачаткова іх існаванне было звязанае з культам агню. Раней патрапіць у гэты абрад было гэтак жа складана, як стаць знахаркай ці шаптухай: бралі толькі сваякоў. Цяпер жа ўсё выглядае іначай і ўзяць удзел можа ці не любая.

Лічыцца, што воск гэтай свечкі цудадзейны, святы і нават можа вылечыць ад бясплоддзя.

У абрадзе, які ла­дзяць на свята святой Варвары, удзельнічаюць толькі жанчыны. Кожны год свечку пераапранаюць, падразаюць воск знізу, а зверху нарошчваюць новы. Складаецца “Варвара” з трох частак: тулава, галавы і рук. Наверх на яе надзяваюць вясельны вянок.

Свечку падчас гэтага абраду пераносяць у іншую хату. Так яна пераходзіць ад адной удзельніцы абраду да другой. Ладзяць два застоллі. У першы дзень памінальнае – у той хаце, дзе свечка прастаяла год. На наступны дзень вясельнае – дзе свечка будзе стаяць наступны год.

Адна свечка можа захоўвацца вельмі доўга. У вёсцы Басценавічы ёй каля 110 гадоў.

Цягнуць Каляду да дуба

Вёска Новіны, Бярэзінскі раён Мінскай вобласці

Гэтым абрадам заканчваецца святкаванне Калядаў. Прычым у вёсцы Новіны яно цягнецца на тры дні даўжэй, да 21 студзеня.

Мясцовыя апранаюць сноп са збожжам ў жаночы строй. Абіраюць жанчыну, якая сядзе на сані і будзе трымаць Каляду па дарозе да дуба.

Лічыцца, што чым даўжэй дарога, тым вышэйшы лён уродзіць.

Ля дуба сані з абранай жанчынай і Калядой перакульваюць так, каб з гаршэчка, што стаіць побач з імі, пасыпаліся зярняткі. Тады ўродзіць ніва.

Пасля нежанатыя хлопцы замацоўваюць Каляду наверсе дуба, а старую здымаюць. Яе тут жа спальваюць і пачынаюцца карагоды, спевы, гульні.

Жачкі

Вёска Заскавічы, Маладзечанскі раён

Час мяняецца, традыцыі знікаюць. Калі ў Заскавічах, дзе я нарадзіўся, раней хадзілі ў жачкі, калядавалі, то цяпер няма каму. Памятаю: возьмеш кошык на Вялікдзень і ідзеш з песняй:

“Я маленькі жачак,
Поўзаю як рачак,
Прыгаю як жабка,
Дай яечка, бабка!
Не дасі яечка –
Уцячэ авечка!
Не дасі два –
Здохне свіння!”

І людзі давалі: хто яйка, хто кавалак пірага. Пасля тыя, хто хадзіў у жачкі, збіраліся талакой, рабілі агульны стол і святкавалі. Валоўнікі, тыя, што хадзілі па хатах з песнямі, да жачак асабліва не рыхтаваліся. Узялі гармонік, торбу, чарку для разагрэву і пайшлі. І гэта было цудоўна, бо традыцыя жыла вельмі доўга ў сваім натуральным стане. Яна не была надуманай, штучнай, як гэта выглядае цяпер, калі яе спрабуюць аднавіць з дапамогай Дома культуры.

Фота і відэа, выкарыстаныя ў матэрыяле, Сяргея ЛЕСКЕЦЯ.