Прыклад маладзечанкі Ларысы Пятрэнкі можа быць наглядным дапаможнікам для тых, хто лічыць, што ў 40 гадоў не позна пачынаць бегаць, а ў 70 – самы час паступіць у інстытут.
Сёння Ларыса Пятрэнка пачынае кожны свой дзень з прабежкі ў парку з сабакам, вядзе гурток настольнага тэніса ў школе-інтэрнаце і марыць пра тое, каб перадаць свой жыццёвы досвед моладзі.
А яшчэ 34 гады таму здавалася, што жыццё скончанае. Ларыса захварэла, яе звольнілі з працы.
Але жыццё змяніў адзін дзень – 24 мая 1982 года.
– Па тэлебачанні ішла перадача пра здаровы лад жыцця. Яе вядучы тады сказаў адну фразу, якую захацелася выпрабаваць на сабе – “Калі хочаш быць здаровым – бегай, калі хочаш быць прыгожым – бегай, калі хочаш быць разумным – бегай!”.
На наступны дзень, 25 мая, Ларыса Фёдараўна была на стадыёне.
У першы дзень прабегла недзе 150 метраў. Але назаўтра цвёрда вырашыла, што пойдзе зноў і прабяжыць на 10 метраў болей.
Ад 25 мая да 28 жніўня Ларыса Пятрэнка не прапусціла ні аднаго дня.
– У канцы жніўня стала на вагі. Аказалася, што я з 96 кілаграмаў схуднела да… 95. І гэта была вялізная перамога. Тым больш, што ні тады, ні цяпер рэжым харчавання я не мяняла. Што было смачна, тое і ела. У наступныя два з паловай гады схуднела на 25 кілаграмаў.
А яшчэ праз пару гадоў прабегла свой першы марафон. Тады Ларысе было 50 гадоў.
– Бегала да 2000 года. За сваё спартыўнае жыццё здужала прабегчы 19 марафонаў. І ведаеце, ужо 30 год не п’ю таблетак.
У 70 год стану студэнткай! – Ідзём у заклад?
Ларыса Фёдараўна да сваіх 70 гадоў мела разрад па плаванні, па шахматах, па настольным тэнісе.
Прыйшла ўладкоўвацца на працу кіраўніком гуртка, а ёй адказваюць: “Выбачайце, у вас няма патрэбнай адукацыі”.
– Ах, так? Значыць, будзе! – адказала Ларыса Пятрэнка і паступіла ў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт фізічнай культуры. – Я была амаль выдатніцай. Толькі адна сямёрка ў дыпломе, па методыцы выкладання фізкультуры.
Вось цяпер дыпламаваным спецыялістам вядзе гурток настольнага тэнісу. Мае чатырох унукаў і праўнучку.
– Я жартую, што ў мяне трое разумных унукаў і адзін акцёр. Але ўнукамі я ганаруся.
Вядома, Ларысе Фёдараўне ніхто не дае яе 76 гадоў.
Так Ларыса Фёдараўна выглядае сёння. Белыя пальчаткі і святочная блуза – падарунак нявесткі. Фота Настассі РОЎДЫ.
– Я і апранацца добра люблю. Кампенсую за беднае дзяцінства, калі ў школу даводзілася хадзіць у маміным паліто на шэсць памераў большым.
А наконт здароўя і здаровага ладу жыцця Ларыса Пятрэнка кажа:
– Наш арганізм як млын. Трэба раз спыніцца і раскруціць яго ў іншы бок. І другая маладосць гарантаваная.