Цудоўных моў у свеце шмат. Адны з іх вабяць сваёй прыгажосцю і непаўторнасцю, другія – мілагучнасцю, трэція – лёгкасцю і запамінальнасцю. Але ў кожнага чалавека ёсць толькі адна мова, якая завецца роднай.

Менавіта на гэтай мове ён размаўляе з роднымі, сябрамі, знаёмымі. І вельмі дрэнна, калі чалавек пачынае забывацца на сваю мову, не шануе яе, не выкарыстоўвае ў паўсядзённым жыцці.

21 лютага – Дзень роднай мовы. Спачатку з такой ініцыятывай выступіў Бангладэш. Менавіта ў гэтай краіне 21 лютага 1957 года загінулі пяць студэнтаў, якія адстойвалі права навучацца на роднай мове. Зараз у нашым свеце налічваецца больш за шэсць тысяч моваў. Палова з іх пад пагрозай знікнення, у тым ліку і беларуская. Дзеля захавання моў, якія апынуліся на парозе знікнення, міжнародны фонд UNESCO абвясціў дзень роднай мовы, каб хоць у такі дзень на іх загаварылі, пра іх успомнілі.

Родная мова шмат не патрабуе. Але калі ўжо назваў яе роднай, калі лічыш яе такой для сябе — павінен жа быць перад ёй хоць нейкі абавязак. Ці хоць часам пра яе думаць. Калі хоць палова з тых сямідзесяці чатырох працэнтаў, якія падчас апошняга перапісу назвалі роднай мовай беларускую, падумае аб яе лёсе, значыць, не ўсё яшчэ страчана. Хоць адзін дзень! Калі будзе яе афіцыйнае міжнароднае свята.

У гімназіі №1 “Логас” гэтаму святу прысвяцілі не дзень, а цэлы тыдзень.

“Мова родная – мова модная!” – пад такім дэвізам прайшоў Тыдзень беларускай мовы.  Ужо на адкрыцці Тыдня былі абвешчаны асноўныя мерапрыемствы.

Цікава прайшоў конкурс малюнкаў “Залацінкі роднай мовы” для 5-6 класаў, дзе вучні пастараліся ў загадкавай форме намаляваць фразеалагізмы. У аўторак на перапынках вучні і настаўнікі весела спявалі разам беларускія песні, а ў пятніцу – танцавалі.  Флэш-моб згуртаваў усіх.

Старшакласнікі ў пятніцу пагаварылі пра Івана Шамякіна з нагоды яго юбілею. А яшчэ пятніца – дзень, калі ўсе гаварылі ў гімназіі на беларускай мове, урокі вяліся таксама на беларускай мове. На працягу тыдня ў кожным класе прайшла інфармацыйная гадзіна “Мова родная – мова модная”, дзе вучні 9-х класаў пазнаёмілі ўсіх, чаму сёння модна гаварыць на беларускай мове, чаму ўзнікла дата 21 лютага і што значыць гэта дата….

А ў суботу адбылося свята “Кошык весялосці на вясковым падвор’і”. А. Ч. Балуш разам з вучнямі 5-6-х класаў паказала тэатральную пастаноўку ў нацыянальным каларыце. Атрымалася сапраўднае свята весялосці.

Фота забяспечана Аленай Мачэль.

Фота забяспечана Аленай Мачэль.

Літаратурныя сустрэчы былі прысвечаны паэтычнай творчасці У. А. Ляшкевіча, былога настаўніка нашай гімназіі. Па-сяброўску цёпла і радушна прайшла размова з паэтам. Вучні прачыталі вершы паэта, задавалі яму пытанні, бралі аўтограф.  

Фота забяспечана Аленай Мачэль.

Фота забяспечана Аленай Мачэль.

Цікава і непаўторна прайшлі ўсе мерапрыемствы Тыдня беларускай мовы. Гімназісты і настаўнікі акунуліся ў беларускамоўнае інфармацыйнае мора, якое пакінула ў кожнага незабыўныя ўражанні і паказала, што РОДНАЯ МОВА – МОДНАЯ МОВА.

Калі ты чуеш яе – ці то сучасную літаратурную, ці змешаную “трасянку”, ці мясцовую дыялектную – ведай, што гэта ўсё яна – наша родная беларуская мова. Не адварочвайся, а прымі яе, бо яе месца ў тваёй краіне і ў тваёй душы. Нашы бацькі, дзяды і прадзеды нямала зрабілі, каб беларуская мова была прызнаная як роўная сярод іншых моў свету.

 Дык не дай  загінуць ёй, жывой і непаўторнай, “з легендаў і казак” сатканай, “вобразнай, вольнай, пявучай”,  цудоўнай роднай мове.

Алена Мачэль

Размаўляй па-беларуску!

 20 лютага ў Вілейскім раённым цэнтры дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі прайшло чарговае пасяджэнне культурна-асветніцкага аб’яднання “Світанак”. На гэты раз яно было прысвечана Міжнароднаму дню роднай мовы, які штогод адзначаецца 21 лютага. Напярэдадні ў актавай зале была аформлена выстава на тэму “Размаўляй па-беларуску”, на якой выставілі рэчы з назвамі на беларускай мове. На самім пасяджэнні аб’яднання адбылася сустрэча яго членаў з паэтэсай Клаўдзіяй Дубовік.

Фота забяспечана Сяргеем Рыжэвічам.

Фота забяспечана Сяргеем Рыжэвічам.

Спачатку навучэнцы Куранецкай сярэдняй школы на чале з намеснікам дырэктара Алесяй Шупенька прадставілі літаратурную кампазіцыю-прэзентацыю аб жыцці і творчасці паэтэсы. Сама Клаўдзія Іванаўна заваражыла ўсіх прысутных сваім талентам і шчырай харызмай. Члены аб’яднання таксама змаглі пагартаць старонкі кніг і зборнічкаў вершаў паэтэсы непасрэдна ў час гутаркі. Разбавіў святочную атмасферу ансамбль “Раёк” з аграгарадка Любань (кіраўнік – Таццяна Занкавіч). Закончылася пасяджэнне аб’яднання віктарынай “Размаўляй па-беларуску!”, пераможцы якой атрымалі сувеніры.

Сяргей Рыжэвіч, культарганізатар Вілейскага раённага цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі

Фота забяспечана Сяргеем Рыжэвічам.

Фота забяспечана Сяргеем Рыжэвічам.