Карэспандэнткі “Рэгіянальнай газеты” пабылі на рэпетыцыі шоў “Місіс Маладзечна-2016”.
Хто сказаў, што нядзеля – гэта выхадны дзень? Толькі не для 14 удзельніц конкурсу. Ад 11 раніцы яны на 15-сантыметровых абцасах рэпеціравалі выхад, дэфіле і танцы.
Мы завіталі на рэпетыцыю амаль у 14.00. Удзельніцы танцавалі і не думалі спыняцца.
Арганізатар конкурсу Маргарыта Шытыка адразу папярэдзіла:
– Толькі не фатаграфуйце, захавайце інтрыгу, хай для гледачоў будзе сюрпрыз, якім чынам дзяўчаты з’явяцца на сцэне.
– Маргарыта, а за час рэпетыцый ці з’явіліся ў вас свае “любімчыкі”?
– Не, для мяне дзяўчаты ўсе аднолькавыя. Я за кожную перажываю як за сябе саму. І параду стараюся даць, і пакрычаць там, дзе трэба.
І Маргарыта Шытыка кіруе працэсам, як бы мовіць “ад душы”:
– Пайшла як прыгажуня, як жанчына, а не як што-небудзь…, дзяўчаты вы ўсміхаецеся надта таямніча, я аж баюся, – можна пачуць рэплікі Маргарыты на рэпетыцыі.
– Многа сіл у вас адбірае конкурс?
– Калі мяне пытаюцца пра тое, ці стамілася я, я адказваю: хутчэй бы наступіла вясна. Ва ўсіх сэнсах гэтага слова. ( Сам конкурс адбудзецца 1 сакавіка – “РГ”).
Танец удзельніцам конкурсу ставіць харэограф Юлія Філатава.
– Я да удзельніц стаўлюся з разуменнем. Я разумею, як ім цяжка, многія ж да гэтага ні разу не танцавалі. Але галоўнае ж у танцы – паказаць свой унутраны свет. Энергетыку сваю данесці да публікі. Можна ж і памыліцца, але калі гэта ззяе знутры, калі настрой бачны ў поглядзе, жэсце, усмешцы, паверце, гэта ўжо многа.
Нарэшце абвяшчаюць перапынак.
Патэнцыйныя місіс бягуць да сваіх месцаў, здымаюць туфлі на абцасах, пераабуваюцца ў зручны абутак.
Хтосьці закінуўшы ногі дагары, адпачывае. Іншыя дзяўчаты дастаюць прысмакі і частуюць імі сваіх саперніц, арганізатараў, гукарэжысёра, карэспандэнтаў “РГ”.
Юлія Гірза напякла вафляў, Ульяна Макавец частавала ўсіх цукеркамі.
Некаторыя ўдзельніцы не адпачываюць і за кулісамі паўтараюць рухі, якія не атрымоўваюцца.
У перапынку мы гутарым з некаторымі ўдзельніцамі:
Таццяна Янкоўская прызналася, што гэты конкурс у яе дарослым жыцці першы. Аднойчы ўдзельнічала ў конкурсе “Міс”, але гэта было ў 10 класе.
Таццяна Янкоўская. Фота vk.com
– Я люблю такія конкурсы. Раней займалася ў мадэльным агентстве, таму сцэны не баюся. Але шмат сілаў у гэтым конкурсе забірае візітка. Ну як за 3-4 хвіліны расказаць пра сябе, каб усім было цікава?
– Ці дорага ўдзельнічаць у конкурсе “Місіс Маладзечна”?
– Я б не сказала, што гэта вымагае шмат грошай. Ёсць жа сябры, якія дапамогуць і з сукенкай, і з макіяжам.
– А іншыя ўдзельніцы – гэта саперніцы ці сяброўкі?
– Я б сказала, што нейкая доля суперніцтва ўсё ж ёсць. Так, як і ёсць некаторыя фаварыты, якія, на маю думку, увойдуць у лік фіналістак. Але хто гэта, я вам не скажу.
Надзея Тугусову падбілі на ўдзел аднакласніцы.
Надзея Тугусава. Фота vk.com
– На вечары сустрэчы выпускнікоў яны спыталіся ў мяне, чаму я да гэтага часу не падала заяўку. Ну так і вырашылі дэлегаваць мяне. Затое на конкурсе ў мяне будзе самая вялікая група падтрымкі. І ў падрыхтоўцы да конкурсу таксама вельмі дапамагалі сяброўкі.
– Як муж паставіўся да вашага ўдзелу ў конкурсе?
– Сказаў, што пацерпіць адсутнасць прасаваных кашуль толькі да 1 сакавіка. А калі шчыра, ніхто ж не адмяняў клопаты па доме. Даводзіцца сумяшчаць рэпетыцыі і дом.
Іна Цярэшка пагадзілася паразмаўляць толькі пасля таго, як перакусіла:
– Вось цяпер я задаволеная і магу гаварыць/
Іна Цярэшка. Фота vk.com
– Хіба місіс можна есці?
– А як жа. І чым смачней і больш каларыйна, тым лепш. Галодная жанчына – гэта жанчына ў дэпрэсіі.
– Ці шмат высілкаў патрабуе ўдзел у такім конкурсе?
– Любая падрыхтоўка да любога конкурсу вымагае шмат сілаў. Ды і наогул, жанчына ўстае раніцай і пачынае думаць пра што? Пра тое, што ёй сёння апрануць. А тут конкурс. Вядома, прадумваецца кожны выхад, кожны вобраз. Трэба разумець, што ёсць туфлі для жыцця і туфлі для сцэны.
– Хто дапамагае вам у падрыхтоўцы?
– Сям’я. З сям’і ўсё пачынаецца. Мне вельмі важна знаць, што мы ўсе падтрымліваем адзін аднаго. У мяне дзве дачкі. Старэйшай 12 гадоў, малодшай – 8. І яны ўжо даюць свае парады.
Адзін з конкурсаў будзе як раз выхад з дзецьмі.
На сцэну з 14 мамамі-удзельніцамі выйдуць 28 іх дзяцей.
З Таццянай Калядой на сцэну выйдуць чацвёра яе дзяцей.
Таццяна Каляда. Фота vk.com
– Як вы паспяваеце і ў конкурсе ўдзельнічаць і чатырох дзяцей даглядаць?
– Ну я не скажу, што нечым ахвяравала, пагадзіўшыся на ўдзел у гэтым конкурсе. Насамрэч, гэта такі кайф. Я сама работнік культуры і ведаю, як арганізаваць такі конкурс, а вось удзельнічаю упершыню. І гэта больш цяжка. Мандраж усё ж такі прысутнічае.
Самая галоўная інтрыга конкурсу для саміх удзельніц, гэта хто ж усё ж такі ўвойдзе ў журы.
– Пяцёра годных мужчын, – адказвае Маргарыта Шытыка. – Гэта ўсё, што вам трэба ведаць.
– Маргарыта, ну скажы, а то заказычым, – жартуюць будучыя місіс.
Рэпетыцыя працягваецца. І хаця на гадзінніку ўжо амаль пяць вечара, ніхто не спяшаецца разыходзіцца. Яшчэ столькі трэба паспець да 18.00 першага сакавіка.