Халоднай зімовай раніцай 27 снежня двое мужчын, аматараў выпіць, стаялі ля валожынскага рынку з думкамі пра тое, з кім і за якія грошы выпіць.
Праз тры гадзіны бессэнсоўнага стаяння, аднаго з іх асяніла думка.
– У мамы маёй у падвале захоўваюцца закаткі: памідоры, агуркі. Іх жа можна памяняць на гарэлку, – сказаў сын гаспадыні і павёў сябра ў свой падвал.
Замок у падвале адчыніўся лёгка. Трэба было толькі пальцам падпіхнуць клямку.
Вынеслі 10 слоікаў закатак, памянялі на самагонку. Выпілі.
На раніцу сябру гаспадара закатак не давала спакою думка, што замок у падвале так лёгка адкрываецца, а закатак там яшчэ безліч.
Узяў іншага таварыша і накіраваўся да падвала. Вынеслі яшчэ 10 банак, потым вярнуліся за здабычай ізноў.
Гаспадыня выклікала міліцыю. Валожынскі РАСК узбудзіў крымінальную справу па артыкуле “Паўторны крадзеж здейснены групай асоб”.
– Бабуля, што выклікала міліцыю, плача, скадзіцца, – расказвае старшы следчы Валожынскага РАСК Сяргей Лапцік, – маўляў, яна цэлае лета працуе на агародзе, а тут нейкія сволачы крадуць. Праўда, пра тое, што сын і паказаў месца, дзе ўзяць закаткі, маўчыць. Скрадзенае вернутае гаспадыні. Жанчына харошая, шкадуе злодзеяў. Але пакуль заяву не забрала, а гэта значыць, што сябрам сына можа пагражаць да чатырох гадоў зняволення.