Маладзечанка Ульяна Макавец адзначае свой дзень нараджэння 29 лютага. “Рэгіянальнай газеце” Ульяна расказала, што калі ў календары ёсць дата 29 лютага, яна абавязкова адзначае гэты дзень, як юбілей.

– Хаця звычайна свой дзень нараджэння я святкую 1 сакавіка. Цікава, што і нарадзіцца я была павінна ў сакавіку. Але 28 лютага мая мама пайшла ў кінатэатр “Спадарожнік”, там ішоў фільм “10 негрыцянят”. Відаць, мама так моцна ўразілася фільмам, што на наступны дзень у 10 раніцы яна нарадзіла мяне.

Ульяна прызнаецца, што яна прывыкла да таго, што ўсе здзіўляюцца, калі даведваюцца, што ў яе такая рэдкая дата нараджэння.

– Хаця я асабліва сябе нейкай выключнай не лічу. Хіба што мае сябры да гэтага вызначыцца не могуць, калі мяне віншаваць. Адны лічаць, што я нарадзілася ў апошні дзень зімы, значыць, і віншаваць трэба 28 лютага. Другі лагер сяброў лічыць, што раней віншаваць нельга і віншуе мяне 1 сакавіка.

– А ў гараскопах пішуць, што ў такі дзень нараджаюцца таленавітыя і шчаслівыя людзі.

– Ну, я ў гараскопы веру толькі тады, калі ў іх напісанае нешта добрае. А наконт таленту… Так атрымалася, што я як пачала займацца танцамі ў трэцім класе, то працягваю імі займацца і цяпер. Ну і, напэўна, гэта шчасце, калі хобі дзяцінства стала тваёй працай.

Яшчэ адно хобі Ульяны – гэта шыццё.

– Магу і свайму танцавальнаму калектыву “Дзіва” сшыць які аксэсуар для выступленняў. Яшчэ я выкладаю танцы ў школе №4, таму і сваім выхаванцам даводзіцца шыць касцюмы. А калі ў мяне нарадзіліся дачушкі Нэлі і Віялета, то маё хобі выйшла на новы ўзровень. Цяпер вельмі люблю ім шыць аднолькавыя сукеначкі.

 А наконт шчасця, для Ульяны яго формула вельмі простая:

Любімая праца + цудоўны муж + дзве выдатныя дачушкі = сапраўднае шчасце.