“Рэгіянальная газета” працягвае сачыць за лёсам каманды “Маладзечна ДЮСШ 4”.
У аўторак, 1 сакавіка, пытанне ўдзелу каманды ў другой лізе адкрытае. Але толькі для ўладаў. Трэнеры і гульцы сваё рашэнне прынялі.
Каментуе загадчык сектара фізічнай культуры, спорту і турызму аддзела адукацыі Маладзечанскага райвыканкама Аляксандр Кавалёў:
– Старшыня Маладзечанскага райвыканкама Аляксандр Яхнавец на сустрэчы з начальнікам аддзела адукацыі, спорту і турызму сказаў, што каманда сёлета зможа гуляць на такіх жа ўмовах, што і ў мінулым годзе. Дадатковага фінансавання няма і не будзе. З бюджэту даць грошай мы не зможам. Таму, калі трэнер Аляксандр Гармаза пагодзіцца працаваць у такіх умовах, будзем размаўляць далей. На сёння ж пытанне стаіць аб тым, што як у такой цяжкой фінансавай сітуцыі захаваць дзіцячы футбол.
Што датычыцца абласных спаборніцтваў, то Аляксандр Кавалёў лічыць, што тут праблемы няма:
– Адмовіцца ад удзелу каманда ДЮСШ, значыць, заявім “Забудову”. Абласны чэмпіянат не патрабуе шмат грошай, таму вобласць мы закрыем 100%.
Аляксандр Гармаза: “У другой лізе каманды не будзе!”
– Адназначна, на тых умовах, як мы гулялі ў мінулым годзе, сёлета я працаваць не буду. Я не дазволю здзеквацца над маімі гульцамі. Ледзь выжывалі ў мінулым годзе і сёлета працягваць працаваць так мы не будзем. І гэта не толькі мая думка. Футбалісты таксама не будуць псаваць сваё здароўе дзеля таго, каб каманда проста гуляла. Застаецца толькі пытанне, чаму 16 000 Ашмяны і 10 000 Узда знаходзяць грошы і магчымасці заяўляцца ў першую лігу, а ў Маладзечна няма грошай нават на другую. Я скажу так. Аддайце бюджэтныя грошы, што прызначаліся для другой лігі, на развіццё 21 віда спорту, так будзе лепей.
Між тым, Аляксандр Кавалёў выказаў сваю думку, наконт таго, як выратаваць каманду:
– Калі б заўзятары скінуліся кожны па мільёну – каманда б гуляла. Ну палічыце самі – 400 заўзятараў – гэта 400 мільёнаў. І я б аддаў свой мільён. І зажыло б Маладзечна.