“А другой магчымасці зрабіць першае ўражанне не будзе”, – падумалася тады, калі рэжысёр фільма Іван Бялкоў абвясціў усім, хто сабраўся 20 лютага на прэм’еру фільма “Габелены з аленямі”, што мантаж фільма не завершаны і сёння пакажуць толькі частку кіно.

З кароткага фрагмента, што паказалі першым гледачам, можна было зрабіць выснову, што кіно вось пра што.

Двое маладзёнаў без пэўнага роду заняткаў прыдумваюць сабе хітрую схему, як зарабіць грошы на даверлівасці грамадзян. Яны арганізоўваюць “сур’ёзную фірму” па аказанні насельніцтву паслуг магаў, хірамантаў, экстрасэнсаў.

На адным з такіх сеансаў яны раяць жанчыне, якая заўважыла, што муж яе больш не любіць, развесціся з ім.

Хто б ведаў, што гэтым мужам акажацца вядомы ў горадзе аўтарытэт Саша-пяшчотныя ручкі.

Пазбавіўшыся ў выніку разводу вялікай сумы грошай, ён ставіць “магаў” на лічыльнік…

Далей сюжэт фільма перарываецца. І гледачы ўбачылі толькі фінальную сцэну, дзе пад музыку маладзечанскага гурта “Happy Face” Саша-пяшчотныя ручкі выводзіць у лес пад Маладзечнам сваіх даўжнікоў, дзе яны самі сабе капаюць дол.

Далей усё адбываецца па законах баевікоў пачатку 2000-х. Перастрэлка, кроў, забойства… І ў канцы фільма застаецца толькі адно пытанне: куды дзець габелен з аленямі, які застаўся ў машыне.

Чаму так назвалі кіно, пакуль засталося невядомым.

“Нават калі б у фільме была пасцельная сцэна, карціну б гэта не выратавала”

Ролю аўтарытэта выканаў вядомы маладзечанскі акцёр Алег Чэчанеў.

– Як жа вам собіла трапіць у гэта кіно?

– Рэжысёр фільма Ваня Бялкоў знайшоў мяне ў сацсетках, прапанаваў. А я чалавек мабільны, адкрыты да ўсіх аванцюр, таму і пагадзіўся. Адно магу сказаць, што здымкі праходзілі значна весялей, чым атрымаўся гатовы прадукт.

Алег Чэчанеў прызнаўся, што пагадзіўся яшчэ і таму, што ідэя сама па сабе была цікавая.

– І ў сцэнары не было нічога такога, што пярэчыла б маім уяўленнем пра правілы маралі. Хаця, убачыўшы кіно, я зразумеў, што нават пасцельныя сцэны яго б не выратавалі.

У фільме шмат недарэчнасцяў. Пачынаючы ад таго, што ў люстэрцы адбіваецца аператар з камерай, да таго, што з кішэняў акцёраў бачны тэкст сцэнара.

– За такія рэчы павінны адказваць рэжысёр, – кажа Алег Чэчанеў, – і дублі, калі спатрэбіцца, пераздымаць. Я хацеў, каб тэкст сцэнара далі на вычытку прафесіяналу-сцэнарысту. Не паслухаліся мяне. Як вынік – у карціне шмат лішніх, шматслоўных дыялогаў.

У фінале фільма героя Алега Чэчанева забіваюць рыдлёўкай.

– Ваня баяўся гэтага эпізоду. Акцёры ж вераць у забабоны. Маўляў, здымешся ў сцэне, дзе цябе забіваюць, і больш прапаноў здымацца ў кіно не будзе. Але паколькі я акцёр эпізадычных роляў у кіно, то да гэтай сцэны паставіўся спакойна. Чаго ж бы не паваляцца ў маладзечанскім лесе з рыдлёўкай у галаве.

– Ці пойдзеце на поўны паказ фільма?

– Не. Але калі ён з’явіцца ў сеціве, перагледжу эпізоды са сваім удзелам. Мне падалося, што я вельмі мітушуся ў кадры.

Будучыня ў кіно? Добра, калі трапіць хоць на адзін местачковы фестываль

– А гэта мая песня, – штурхае у бок падчас прэм’ернага паказу саліст гурта “Happy Face” Аляксей Мумрык.

Сіламі гэтага гурта быў запісаны асноўны саўндтрэк да фільма.

– Гэта наш першы досвед пісаць музыку для кіно. Але досвед цікавы. З Іванам Бялковым мы сябруем даўно, ён быў рэжысёрам нашых кліпаў. Івану спадабалася наша песня “Туман ярам”.

Што датычыцца агульнага ўражання ад фільма, Аляксей быў настроены аптымістычна:

– Толькі пазітыўныя ўражанні засталіся ад прагляду. Так, гэта не міжнародны ўзровень кіно, але ж за смеласць Івану можна паапладзіраваць. Гэта сур’ёзная справа – зняць поўнаметражнае кіно. Што датычыцца будучыні для “Габеленаў з аленямі”, то я магу выказаць здагадку, што Ваня адправіць яго на некалькі местачковых фестываляў. І гэта, у прынцыпе, усё.

Крах на прэм’еры адбыўся таму, што я думаў пра іншы фільм

Рэжысёр фільма Іван Бялкоў прызнаўся, што работа над фільмам далася яму не проста:

– Магчыма, гэта таму, што па сюжэце фільма мы з сарказмам паставіліся да чорнай магіі, – жартуе Іван. – Сцэнар перапісваўся шэсць разоў. У верасні ўжо павінны былі пачацца здымкі, а сцэнара не было. А перад Новым годам у мяне накрыўся жорсткі дыск з амаль гатовым фільмам. І вось у суботу гатовы, змантаваны фільм мне так і не скінулі.

Іван расказаў, што спачатку ў яго з’явіўся гэты вобраз “Габеленаў з аленямі”, а потым ужо ідэя фільма, сцэнар.

– Габелены з аленямі – гэта нешта такое з дзяцінства. Тое, што вісела ў бабулі на сцяне, тое, дзе фатаграфавалася не адно пакаленне адной сям’і. Пры чым ён у фільме? Пакуль расказваць не буду. Праз два тыдні, думаю, фільм яшчэ раз пакажам, тады стане ўсё зразумела.

На пытанне, чаму падчас паказу фільма было столькі недарэчнасцяў, Іван адказаў:

– Так адбылося таму, што я з Новага года стаў думаць пра іншы фільм. Трохі забыўся на “аленяў”, за што яны мне і адпомсцілі.

Новы фільм Іван Бялкоў будзе здымаць па кнізе “Гісторыя Ліма надзвычайнага”.

– Гэту кнігу чытаў мне бацька ў дзяцінстве, потым я колькі ні імкнуўся, не мог знайсці яе. Праз сацыяльныя сеткі знайшоў унука аўтара кнігі, ён даў згоду на тое, каб па кнізе быў пастаўлены фільм.

Лім – гэта камень аквамарын. Гісторыя завязаная на тым, каб раскрыць таямніцу, адкуль на камені з’явіўся надпіс Лім.

Здымкі новага фільма Іван плануе зладзіць у Марока.

А праз тыдні два ў “Рэд Бары” адбудзецца другі паказ фільма. Як абяцае рэжысёр, цяпер “без касякоў”. Уваход вольны.

“Габелены ў лічбах”

6 разоў перапісваўся першапачатковы сцэнар
Больш за 30 акцёраў былі занятыя ў здымках
5 месяцаў доўжыўся здымачны працэс
Здымкі адбываліся ў 11 памяшканнях
4000 долараў – бюджэт фільма.