У Ашмянскім краязнаўчым музеі імя Францішка Багушэвіча праходзіць персанальная выстава “Водар Радзімы” беларускага мастака Алега Драбышэўскага. Прысвечаная яна Году культуры у Беларусі.

Родам жывапісец з пасёлка Гудагай, што на Астравеччыне. Ад 1990 года жыве і працуе ў Мінску.

Лёсам ён звязаны і з Ашмяншчынай. Падчас Вялікай Айчыннай вайны сям’ю маці мастака на Віцебшчыне разам з іншымі сем’ямі з невялікім скарбам і  хатняй жывёлай і птушкай немцы загналі ў цяплушкі таварнага цягніка. Накіравалі ў заходнім напрамку – як потым высветлілася, у Кёнігсберг. Бабуля Таццяна Емяльянаўна часта ўспамінала, як яе ўразіў разбураны фашыстамі Віцебск.

На станцыі Ашмяны цягнік спыніўся. Пайшлі чуткі, што наперадзе разбураныя шпалы, рэйкі. Калі людзей высадзілі, іх ужо чакалі нейкія людзі з падводамі. Аказалася, за імі прыехалі ад паноў, якія вярнуліся з-за мяжы, каб развезці да месцаў жыхарства і працы. Такім чынам продкі жывапісца з малымі дзецьмі трапілі ў вёску Паляны Ашмянскага раёна. Жылі ў будынку былой пачатковай школы, а з 1944 года – у адноўленай. Затым пераехалі на Астравеччыну. Потым маці жывапісца закончыла Ашмянскае педагагічнае вучылішча.

Быў і майстар-клас

Персанальныя выставы мастака праходзілі ў многіх кутках Беларусі, у тым ліку і ў нашым рэгіёне – Астраўцы, Маладзечне, Мядзеле, Гудагаі, Рымдзюнах, Варнянах. У Смаргоні летась прайшла выстава “Прыгажосць”, прысвечаная 250-годдзю Міхала Клеафаса Агінскага.

Фота забяспечана Алегам Драбышэўскім.

Фота забяспечана Алегам Драбышэўскім.

На адкрыццё выставы “Водар Радзімы” прыйшлі ашмянцы: дарослыя і юныя. Адкрыццё прайшло цікава для наведнікаў. Алег Драбышэўскі расказаў пра кожны з твораў, пазнаёміў з гісторыяй іх напісання, правёў нават майстар-клас, дзе разам з аматарамі жывапісу высветліў асаблівасць кампазіцыі, яе завершанасць, мастацкае абагульненне, асаблівасць тэхнікі – “аксамітнасць”. Гучалі вершы, прысвечаныя жывапісцу. Гледачы пакінулі свае запісы ў кнізе водгукаў, атрымалі ад мастака ў падарунак буклеты.

Выставу можна наведаць да 12 сакавіка. Магчыма, яна працягнецца і даўжэй.

Называем карціны разам

На выставе ёсць дзве новыя карціны, напісаныя да Году культуры ў Беларусі. Аматары жывапісу актыўна прапаноўвалі ім назвы. Да іх могуць далучыцца нашы чытачы.

На адной з карцін – Маладзечна, дзе многія гады жылі бацькі мастака. Ідэяй напісання з’яўляўся паказ абуджэння, перамен, новага, маладога…

 На другой карціне – рака Бярэзіна, лазня ў Бакштах, далей вёска Заберазь (Іўеўскі раён). У 2008 годзе выстава жывапісца праходзіла у Барысаве, што таксама на Бярэзіне. Таму, у першую чаргу, гэта месца прыцягнула мастака тым, што блізка ад ракі размешчаная вёска з падобнай назвай Барысаўка і, што яшчэ цікавей, – вёска Астраўцы.

Свае варыянты назваў можаце пакідаць у каментарах да артыкула. Таксама дасылаць на электронны адрас мастака: drobyshart@mail.ru ці нашай газеты regionnews@rh.by. Альбо па пошце: “Рэгіянальная газета”, Вялікі Гасцінец, 68-а, 222310, Маладзечна.