У выставачнай зале імя Сілівановіча 26 лютага адкрылася выстава “Высакосны год” маладой мастачкі з Вілейкі Вольгі Пескавой. На адкрыццё завіталі жыхары і госці горада.

На выставе прадставілі шмат прац графікі, выкананых у накірунку сюрэалізм, а таксама фактурныя фотаздымкі і інсталяцыі.

Вольга нарадзілася ў Вілейцы. Скончыла сярэднюю школу №1 і прафесійна-тэхнічнае вучылішча. Працуе прадаўцом.

– Досвед Вольгі ў мастацтве не выйшаў за межы школьных урокаў малявання. Але гэта не спалохала дзяўчыну, а падштурхнулі да дзеяння, і яна пачала рабіць першыя крокі ў мастацтва, – прыгадвае навуковы супрацоўнік Вілейскага краязнаўчага музея Надзея Аўдзей. – Спрабавала сябе ў дэкаратыўна-прыкладным мастацтве, але поўнай рэалізацыі не адчула. І тады надышоў час выказаць сваю творчасць у іншых мастацкіх накірунках.

Гэта другая персанальная выстава Вольгі. Першая адбылася тут жа амаль два гады таму.

Тады Вольга пераважна працавала з больш прыбліжанымі да акадэмічнага жывапісу матэрыяламі. Цяпер жа яна імкнецца шукаць свой накірунак у мастацтве.

 Фота Надзеі Аўдзей.

Фота Надзеі Аўдзей.

– Сваю творчасць Вольга характарызуе як стыхійны парыў. Карціны яна не малюе дзень, два, а усяго некалькі гадзін. На аркушы паперы з’яўляюцца выцягнутыя твары, геаметрычныя фігуры, вобразы і праявы, – працягвае Надзея Аўдзей. – Апрача графікі, Вольга займалася манаціпіяй. На выставе прадставіла дзве працы гэтага кірунку. Не так даўно Вольга пад уражаннем ад творчасці Эндзі Голдсуорці пачала ствараць інсталяцыі з прыродных матэрыялаў. На абмежаванай прасторы злучаюцца перапляценні дроту, галінак, каменьчыкаў – у выніку з’яўляецца ландшафтнае мастацтва ў мініяцюры.

Выстава “Высакосны год” працягнецца да сярэдзіны сакавіка.

 Фота Надзеі Аўдзей.

Фота Надзеі Аўдзей.

Даведка “РГ” Манатыпія – від друкаванай графікі. Атрыманы на паперы адбітак заўсёды бывае адзіным, унікальным.