Разам з намеснікам дырэктара па вучэбнай рабоце Аленай  Апанель васьмікласнікі СШ №2 Мікіта Шыраеў і Глеб Смірноў стварылі праект “Сацыяльныя сеткі як сродак камунікацыі ў сучасным грамадстве (на прыкладзе магчымасцяў сацыяльнай сеткі Facebook)”. Гэтая сетка была абраная невыпадкова, паколькі з’яўляецца самай папулярнай у свеце і дае магчымасць ахапіць карыстальнікаў не толькі рускамоўнай аўдыторыі.

На асабістай старонцы Алены Апанель была размешчана фатаграфія, на якой навучэнцы трымаюць плакат з надпісам: “Добры дзень, мы два хлопцы з Ашмяняў (Беларусь). Мы працуем над школьным праектам і хочам даведацца, у якіх кутках свету апынецца гэтая фатаграфія. Просім ёю падзяліцца”. Зварот да карыстальнікаў быў напісаны на англійскай мове.

Праект, падказаны дацкімі школьнікамі, ажыццяўляўся цягам месяца (з 24 снежня па 24 студзеня). Які ж вынік даследавання?

Дынаміка репостаў  аналізавалася штодня. За месяц спасылкай на старонку праекта падзялілася 2509 карыстальнікаў. Старонка была адзначана ў 54 краінах свету. Больш актыўна, і гэта нядзіўна, фатаграфія перамяшчалася па Беларусі, Расіі і Украіне. Сярод самых актыўных гарадоў – Мінск, Масква, Даўгаўпілс.

Многія карыстальнікі пакідалі пад фатаграфіяй каментары: “Ужо ў Рыме! Дапаможам гэтаму фота абляцець свет”, “Прывітанне, Беларусь! Махае мабільная Алабама!”,”Я ў Сінгапуры! “…

Самы “патрыятычны” каментар пакінуў айчынны карыстальнік: “Падтрымаць ініцыятыву беларускіх школьнікаў – святы абавязак кожнага “памяркоўнага” фэйсбучніка!”

Праект завяршыўся, а фотаздымак працягвае перамяшчацца па краінах, набіраючы колькасць лайкаў і репостаў, распавядаючы пра краіну з назвай Беларусь.