Фінальныя гульні кубка вобласці сярод ветэранаў па міні-футболе прайшлі 27-28 лютага ў Стоўбцах.

Па інфармацыі абласной федэрацыі футбола каманда Маладзечанскага раёна атрымала тры перамогі: над камандамі з Барысава і Стоўбцаў з лікам 3:2 і Смалявічаў 3:1. Адзін матч, са Слуцкам, звяла ўнічыю 3:3. Маладзечанец Дзмітры Вышінскі стаў лепшым гульцом турніру.

Ільянскія хакеісты заваявалі пуцёўку на “рэспубліку”

Ад 22 па 27 лютага ў Маладзечне адбыліся спаборніцтвы па хакеі сярод дзяцей і падлеткаў “Залатая шайба”.

У спаборніцтвах бралі ўдзел каманды Слуцкага, Салігорскага, Барысаўскага, Вілейскага і Маладзечанскага раёнаў. Каманду Вілейскага раёна прадстаўлялі вучні Ільянскай сярэдняй школы імя А. А. Грымаця.

Асабліва вызначылася малодшая група нашых вучняў 2003-2004 гадоў нараджэння, якая заняла трэцяе месца сярод усіх каманд і першае месца сярод дваровых каманд (што не маюць лядовай арэны). 18-20 сакавіка гэтая група будзе прадстаўляць Мінскую вобласць на рэспубліканскіх спаборніцтвах у Лідзе.

Каманда 2001–2002 гадоў нараджэння стала чацвёртай у агульным заліку і другой сярод дваровых каманд, прапусціўшы наперад сапернікаў з Барысава. А Юры Маскалевіч, Руслан Вайцяхоўскі, Максім Вайцяхоўскі, Ілья Зюзюн і Кірыл Яцэвіч былі ўзнагароджаны як лепшыя гульцы.

Каманда 2001-2002 г. н. Фота забяспечана Аксанай Ярашонак.

Каманда 2001-2002 г. н. Фота забяспечана Аксанай Ярашонак.

За дапамогу ў падрыхтоўцы хакейнай каманды хочацца выказаць удзячнасць Вілейскаму райвыканкаму і асабліва намесніку старшыні Святлане Дзяруга, дэпутату Палаты прадстаўнікоў Віктару Русаку, аграфірме “Ілья” ЗАТ “РАСТЭМ” і кіраўніку Ігару Чыркевічу, аддзелу адукацыі, спорту і турызму райвыканкама.

Няхай зіма не спрыяла хакейным трэніроўкам  і зусім мала змаглі патрэніравацца юныя спартсмены на школьным катку, тым не менш яны дастойна абаранілі гонар школы і ўсяго раёна, парадаваўшы ўсіх нас, а асабліва сваіх трэнераў – настаўніка фізічнай культуры Таццяну Дуровіч і педагога дадатковай адукацыі Анатоля Юшко.

Аксана Ярашонак, педагог-арганізатар Ільянскай сярэдняй школы імя А. А. Грымаця.

Трэніроўка. Фота забяспечана Аксанай Ярашонак.

Трэніроўка. Фота забяспечана Аксанай Ярашонак.

“Смаргонь” прайграла ў Мінску

Футбольны клуб “Смаргонь” 27 лютага ў сталіцы правёў таварыскі матч з камандай “Зорка-БДУ” (гульцы да 19 год). Смаргонцы прайгралі 2:3.

– У сувязі са мноствам траўмаў на матч адправіліся 14 футбалістаў, – паведаміў прэс-аташэ “Смаргоні” Уладзімір Амбрасевіч. – У першым тайме гаспадары адкрылі лік, але пасля перапынку Сяргей Крот з пенальці аднавіў раўнавагу. Неўзабаве сапернікі зноў выйшлі наперад. За чатыры хвіліны да канца сустрэчы Арцём Кіслы зноў зраўняў лік, а праз паўтары хвіліны гаспадары забілі пераможны гол.

 Чарговы таварыскі матч “Смаргонь” 5 сакавіка дома згуляе супраць ФК “Ашмяны”.

Зноў выйгралі толькі астраўчане

Як і ў мінулым туры, абедзве каманда з рэгіёна прайгралі ў вышэйшай лізе чэмпіянату Гродзенскай вобласці па міні-футболе.

“Ашмяны” ў гасцях 27 лютага прайгралі “Фарсажу” са Слоніма 8:13. Назаўтра “Вілія” са Смаргоні таксама ў гасцях саступіла ФСК “Гродзенскі” 3:10.

“Вілія” апусцілася на чацвёртае месца, “Ашмяны” па-ранейшым замыкаюць шасцёрку.

У першай лізе чэмпіянату вобласці “Меліяратар” з Астраўца 27 лютага выйграў у “Мастоў” 14:5. Гэта перамога ўзняла астраўчан на другое месца.

 

“ІП Мядзел” адолеў “Сілавік”

У чэмпіянаце раёна па міні-футболе каманда аддзела адукацыі, спорту і турызму 24 лютага згуляла ўнічыю 6:6 з камандай райвыканкама.

У другой гульні дня сышліся “ІП Мядзел” і “Сілавік”.

– Пасля першага тайма мядзяльчане выйгрывалі 3:0, – расказаў інструктар фізкультурна-аздараўленчага цэнтра Кірыл Сенеў. – Але потым “Сілавік” лік зраўняў 3:3. Гульня ішла на роўных, але “ІП Мядзел” выйграў 5:4.

Гульцы Крывіцкага спецПТВ №3 закрытага тыпу 26 лютага абыгралі “Юнацтва” 4:3. “Спадарожнік” разграміў ФК “Юніян Нарач” 11:2.

Мядзяльчане чацвёртыя ў вобласці ў валейболе

Ад 26 па 28 лютага ў Салігорску прайшоў чэмпіянат вобласці па валейболе. Каманда Мядзельскага раёна (хлопцы 2000-2001 гадоў нараджэння) заняла ў групе другое месца і змагалася за медалі. Але ў паўфінале саступіла салігарчанам. А ў матчы за трэцяе месца ва ўпартай барацьбе прайграла 1:2 камандзе Нясвіжскага раёна. У выніку – чацвёртае месца, распавёў дырэктар фізкультурна-аздараўленчага цэнтра Андрэй Русак.