26 лютага народны тэатр “Метамарфозы” паказаў прэм’еру спектакля “Каралева прыгажосці” па п’есе Марціна Мак Донаха.

Для заўзятых мала­дзечанскіх тэатралаў гэты спектакль не ў навінку. У канцы лістапада з тым жа спектаклем прыязджаў гастраляваць Віцебскі тэатр імя Якуба Коласа.

У цэнтры сюжэта – быт дзвюх адзінокіх жанчын: маці Мэг і дачкі Морын.

Разнастайнасць у іх штодзённую вайну ўносіць з’яўленне ў жыцці Морын мужчыны – Пата Дулі. Ён прапаноўвае Морын паехаць з ім у Амерыку, а маці аддаць у дом састарэлых.

Амаль апошнюю рэпліку ў абедзвюх версіях вымаўляе малодшы брат Пата Рэй:

– Вы ў гэтым крэсле дакладна як ваша нябожчыца-маці: камандуеце і блытаеце імёны.

Але розніца ў канцоўцы каласальная. Калі ў версіі коласаўцаў Морын так і застаецца ся­дзець у крэсле, то ў версіі Андрыяна Барткевіча Морын збірае рэчы, пераапранаецца ў модную сукенку і пакідае дом у Ірландыі.

70-гадовую маці Морын Мэг сыграла актрыса,  вядомая па іншых пастаноўках “Метафарфозаў”,  – Таццяна Клямяціч.

Адразу кідаецца ў вочы, што маці нашмат  больш энергічная і жвавая, чым дачка.

– А гэта цалкам натуральна, – кажа рэжысёр-пастаноўшчык спектакля Андрыян Барткевіч, – Морын жа месяц правяла ў псіхушцы. Вядома, яе псіхіка парушаная. Яна вяртаецца дадому, у глуш. І каб не з’явіўся ў яе жыцці Пата Дулі, яны разам з маці так бы і засохлі.

Андрыян Барткевіч прызнаўся, што п’есу віцебскага тэатра не бачыў.

– Я хацеў паказаць сваю, “мяккую версію”. У арыгінале п’есы тут жа на вачах у гледача Морын вылівае гарачае масла на руку, на галаву маці. У п’есе Морын забівае маці качаргой. Я не хацеў гэтага. Я ведаю, што наш глядач бы такога не прыняў.

Калі акцёры выхо­дзяць на паклон, маці і дачка амаль у аднолькавых сукенках.

– Я не ведаю, ці заў­важылі вы гэтую правакацыю, але ўжо на паклоне маці і дачка сустракаюцца і абдымаюцца. Яны абавязкова даруюць адна адной, але ўжо не ў гэтым жыцці.

А галоўны пасыл спектакля, па словах рэжысёра, гучыць так: “Перастаньце грызціся са сваімі бацькамі і са сваімі дзецьмі. Мы адзін без аднаго нікуды”.