У бліжэйшыя гады ўсе ўстановы адукацыі плануюць падключыць да “Электроннай школы”, паведаміў журналістам міністр адукацыі Міхаіл Жураўкоў.
– Каб увесці ў працу ўсе праекты, якія тычацца “Электроннай школы”, неабходна спецыяльнае абсталяванне. Вядома, у Мінску прасцей гэта зрабіць, тут школы больш падрыхтаваныя. На працягу бліжэйшых гадоў школы далучаць да праекту, – сказаў Міхаіл Жураўкоў.
Сутнасць “Электроннай школы” ў тым, што розныя інфармацыйныя сервісы (электронны часопіс, дзённік, расклад заняткаў) будуць прадстаўлены ў онлайн-версіі.
Ва ўстановах, якія падключыліся да праекту, кожны школьнік атрымлівае карту навучэнца. Яна сумяшчае ў сабе функцыі банкаўскай аплатнай карткі і ўніверсальнага электроннага дакумента. З дапамогай карты навучэнца бацькі могуць кантраляваць выдаткі дзіцяці, а таксама атрымліваць інфармацыю, калі дзіця прыйшло і пайшло са школы.
Акрамя таго, на інтэрнэт-сайтах устаноў адукацыі бацькі пасля атрымання спецыяльнага логіна і пароля могуць сачыць за паспяховасцю дзяцей.
Паводле БелТа.