Міжнародны жаночы дзень – свята, якое адзначаюць у шэрагу краін як “жаночы дзень”. Сэнс, які ўкладаюць у гэтае вызначэнне, змяняецца ад дня ўшанавання жанчын, да дня барацьбы за іх грамадзянскія і сацыяльныя правы. Што ж насамрэч хаваецца за гэтай датай?

Дзень шанавання жанчын узнік яшчэ ў Старажытным Рыме. Тады гэтае свята адзначалі “матроны” – жанчыны, якія нарадзіліся свабоднымі і ўступілі ў шлюб. Яны атрымлівалі ў гэты дзень ад сваіх мужоў падарункі і былі акружаныя ўвагай і клопатам. У гэты дзень рабыні вызваляліся ад сваіх абавязкаў, а рымлянкі апраналіся ў найлепшыя строі і накіроўваліся ў храм багіні Весты.

Пасля падзення Рымскай Імперыі жанчыны надоўга пазбавіліся свайго свята. Толькі ў сярэдзіне 19 стагоддзя жанчыны дасягнулі некаторых поспехаў у барацьбе супраць саслоўнага, маёмаснага і расавага прыгнёту. Што праўда, жанчыны па-ранейшаму не мелі права голасу, не маглі займаць дзяржаўныя пасады і былі абмежаваныя ў праве на працу.

Менавіта з 19 стагоддзя звязаныя першыя згадкі аб свяце 8 Сакавіка.

У свой час шырокае распаўсюджанне атрымала версія, згодна з якой традыцыя адзначаць Міжнародны жаночы дзень 8 сакавіка была пакладзена дэманстрацыяй, праведзенай ў гэты дзень у 1857 годзе работніцамі тэкстыльнай прамысловасці і фабрык па пашыве адзення ў Нью-Ёрку. Жанчыны пратэставалі супраць жудасных умоў працы і нізкай заработнай платы. Яны патрабавалі скарачэння працоўнага дня, паляпшэння ўмоваў працы, роўную з мужчынамі заработную плату.

Што праўда, пазней гэтая версія была прызнаная фальсіфікацыяй. Шмат хто хацеў аддзяліць традыцыю свята ад камуністычнай ідэалогіі, што было надзвычай важна для барацьбітоў за правы жанчын у Заходняй Еўропе і ЗША падчас халоднай вайны.

Насамрэч дэманстрацыя, якая стала пачаткам святкавання 8 Сакавіка, адбылася значна пазней – амаль на 50 гадоў. 8 сакавіка 1908 па прызыву Нью-Йоркскай сацыял-дэмакратычнай жаночай арганізацыі адбыўся мітынг з лозунгамі аб роўных правах жанчын. У гэты дзень больш за 15 тысяч жанчын прайшлі маршам праз увесь горад, патрабуючы скарачэння працоўнага дня і роўных умоў аплаты працы. Акрамя таго, было вылучанае патрабаванне прадастаўлення жанчынам выбарчага права. У 1910 годзе, на Міжнароднай сацыялістычнай жаночай канферэнцыі, было прынятае рашэнне аб святкаванні Міжнароднага жаночага дня менавіта восьмага сакавіка.

За год да гэтага Сацыялістычная партыя ЗША абвясціла нацыянальны жаночы дзень, які адзначаўся аж да 1913 года ў апошнюю нядзелю лютага.

У 1910 годзе нямецкая сацыялістка Клара Цэткін на Другой Міжнароднай сацыялістычнай жаночай канферэнцыі прапанавала заснаваць дзень барацьбы за правы жанчын. На прапанову члена Сацыял-дэмакратычнай партыі Алены Грынберг, датай святкавання было зацверджанае 19 сакавіка. Яна прыгадала, што 19 сакавіка 1848 года кароль Прусіі даў абяцанне правесці рэформы, у тым ліку ўвесці выбарчае права для жанчын.

Упершыню Міжнародны жаночы дзень адзначаўся ў Германіі, Аўстрыі, Даніі і Швейцарыі 19 сакавіка 1911 года. Падчас святкаванняў праходзілі шматлюдныя мітынгі. У 1912 годзе ён адзначаўся 12 траўня ў тых жа краінах.

Потым надышла блытаніна. У 1913 годзе ў Германіі жанчыны мітынгавалі 12 сакавіка, у Аўстрыі, Чэхіі, Венгрыі, Швейцарыі, Галандыі – 9 сакавіка, у Францыі і Расіі – 2 сакавіка. Толькі у 1914 годзе Міжнародны жаночы дзень правялі 8 сакавіка адначасова ў шэрагу еўрапейскіх краін.

Міжнародны жаночы дзень быў папулярны ў свеце ў 1910-я і 1920-я гады, але потым яго папулярнасць знізілася і зараз у свеце ён практычна не адзначаецца.

Сёння гэты дзень абвешчаны выхадным днём у былых рэспубліках СССР, а таксама ў Анголе, Буркіна-Фасо, Гвінеі-Бісау, Камбоджы, Кітаі, Конга, Лаосе, Македоніі, Манголіі, Непале, Паўночнай Карэі і Угандзе. Ва Узбекістане 8 Сакавіка называецца Днём маці; у Арменіі Дзень мацярынства і прыгажосці адзначаюць 7 красавіка.

У Беларусі 8 Сакавіка па-ранейшаму для большасці застаецца святам жанчын. Нагодай павіншаваць блізкіх, родных і нават незнаёмых. Аб рэвалюцыйным мінулым гэтага свята сёння амаль ніхто не задумваецца. Чаму б тады проста не скарыстацца гэтай нагодай для віншаванняў?

Паводле “Нашай Нівы”.