Майстэрства прадаваць часам уражвае. Тыповая сітуацыя, калі ваш знаёмы набывае даражэзную касметыку, посуд ці бялізну, якія яму відавочна не па кішэні, а на наступны дзень хапаецца за галаву: “Што я нарабіў!”.

Галоўнае ў гэтым выпадку – не панікаваць. Заканадаўства не толькі дае магчымасць прадаўцу выкарыстоўваць самыя розныя метады, каб упэўніць любога ў тым, што яго тавар жыццёва неабходны. Заканадаўства таксама пакідае пакупніку магчымасць адмовіцца ад такой “жыццёва неабходнай” рэчы.

Спецыялісты гарадскога таварыства абароны правоў спажыўцоў, якое запрацавала ў Маладзечне пяць месяцаў таму, зубы з’елі на зваротах з гэткай праблемай.

– Да нас прыходзяць людзі і кажуць: “Я не ведаю, як так атрымалася, я была пад гіпнозам”, – кажа загадчыца юрыдычнага аддзела грамадскага аб’яднання Кацярына Балашова (на фота ўверсе). –  І ў такія пасткі трапляюць не толькі пенсіянеры, якіх і так, і гэтак увесь час спрабуюць абдурыць. Быў выпадак, калі да нас прыйшла жанчына, якая працуе галоўным бухгалтарам.

Стандартная схема. Прадпрымальнікі, якія працуюць такім чынам, звычайна арандуюць прыгожае памяшканне ці рэстаран, дзе праводзяць прэзентацыю прадукцыі. Калі гэта праца з касметычнымі сродкамі, то часта запрашаюць дактароў, праводзяць дыягностыку скуры твару. І ўсё бясплатна, усё прыгожа.

А потым заключаюць дамову.

– Да нас звярнулася пенсіянерка, якая набыла каструлю і патэльню за 9,6 мільёна рублёў, – распавядае юрыст грамадскага аб’яднання Кацярына Абрамовіч (на фота ўверсе). – Прычым ёй перадалі толькі адзін тавар. Другі яна так і не атрымала, хоць і прайшло ўжо больш за месяц.

Натуральнае пытанне: як? Як магчыма заключыць такую дамову? Справа ў тым, што менеджары, якія працуюць з людзьмі падчас такіх прэзентацый, гатовыя на месцы аформіць дамову.

Няма грошай? – Не бяда, дадзім растэрміноўку!

Забылі пашпарт? – Не страшна, званіце дамоў, няхай вам з дому прадыктуюць нумар.

Трэба аформіць крэдыт? – Калі ласка!

Прадаўцы зробяць што заўгодна, абы з вамі ў той жа дзень заключыць дамову. Калі ёсць дамова – шлях адступлення не такі просты.

Пракладаем шлях адступлення

І так. Мы ў сітуацыі, калі дамова ўжо заключаная, але вы перадумалі выконваць яе ўмовы. Па законе, у спажыўца ёсць права цягам 14 дзён пасля набыцця тавару яго вярнуць альбо абмяняць. Пры ўмове, што тавар не быў у эксплуатацыі і захаваныя ўсе ярлыкі і чэкі. Ёсць шэраг тавараў, якія нельга вяртаць, аднак посуд у іх лік не ўваходзіць. (Поўны пералік глядзіце ў пастанове Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 14 чэрвеня 2002 года №778)

Офіс гарадскога таварыства абароны правоў спажыўцоў месціцца ў Маладзечне па адрасе: вул. Віленская, 12, каб. 23. Графік працы: пн-пт 9:00-18:00, абед 13:00-14:00; сб 11:00-15:00. Тэлефон бясплатнай гарачай лініі: 8-0176-50-41-43 альбо 8-029-764-24-07.

– Праблема вось у чым. Прэзентацыя посуду праходзіла ў Маладзечне, а фірма знаходзіцца ў Брэсце, – тлумачыць Кацярына Балашова. – У Законе аб абароне правоў спажыўцоў прапісана, што тавар можа быць вернуты па месцы продажу. Але ў заключанай дамове пазначана, што вяртаць тавар трэба менавіта ў Брэст, нягледзячы на тое, што яго прадалі ў Маладзечне. Каб не ехаць у Брэст, мы прапанавалі пакупніку адправіць тавар поштай, бо ў законе не прапісана, якім чынам ён павінны быць дастаўлены.

Каб прадавец пасля не сказаў, што патэльня была ва ўжытку, сам перад гэтым падсмажыўшы на ёй курыцу, зрабілі наступнае. Сфатаграфавалі посуд, як тавар быў запакаваны пры адпраўцы, склалі акт агляду ў прысутнасці прадстаўніка гарадскога таварыства абароны правоў спажыўцоў. У ім прапісалі, што няма прыкмет эксплуатацыі, дэфектаў. Таксама на пошце склалі акт агляду тавару і пазначылі яго цэннасць. У гэтым выпадку паштальён мусіць упэўніцца, што ляжыць у каробцы, каб у далейшым не казалі, што прыйшла толькі накрыўка.

– Усё гэта мы зрабілі, таму што, як правіла, арганізацыя не прымае назад тавар. У інтэрнэце ёсць матэрыялы, дзе фірма згадваецца ў судовых разбіральніцтвах, – дадае Кацярына Балашова. – Парадкавы нумар заключанай дамовы з мала­дзечанкай, што прыйшла да нас, – 10 000. Гэта значыць, ужо столькі дамоў з імі заключылі. Падаецца неверагодным.

Звычайна на хітрыкі менеджараў падобных фірмаў трапляюць пажылыя людзі, а юрыстам з просьбай дапамагчы тэлефануюць іх дзеці. І хоць выйсце ёсць, найлепш адразу не пага­джацца на розныя прапановы, а спачатку ўзважыць рашэнне, усё пралічыць, паглядзець прапановы іншых вытворцаў і вырашыць, ці сапраўды так неабходная рэч, якую вы збіраецеся набыць.