Яму прад’яўленае абвінавачванне па пяці артыкулах Крымінальнага кодэкса.

Ва ўпраўленні Следчага камітэта па Мінскай вобласці завершанае расследаванне крымінальнай справы ў дачыненні да былога генеральнага дырэктара ААТ “Мінаблаўтатранс”, які ўчыніў шэраг карупцыйных злачынстваў.

Як паведамляе афіцыйны прадстаўнік УСК па Мінскай вобласці Таццяна Беланог, следства ўстанавіла, што кіраўнік карыстаўся сваім службовым становішчам у асабістых інтарэсах. Каб пазбегнуць матэрыяльных затрат, ён сістэматычна выкарыстоўваў працу падначаленых у іх працоўны час для будаўнічых і гаспадарчых работ як на ўласным участку, так і на ўчастках сваякоў.

Таксама ён сістэмна набываў за кошт прадпрыемства мэблю, бытавую тэхніку, аўтамабільныя дэталі і камплектавальныя вырабы. Каб схаваць крадзяжы, ён даваў указанні кіраўнікам раённых прадпрыемстваў уносіць у афіцыйныя дакументы несапраўдныя звесткі пра назвы тавараў, што набываліся і спісваліся на выдаткі па рамонце і эксплуатацыі службовага транспарту.

Следства выявіла факты неаднаразовага выкарыстання ў асабістых мэтах генеральным дырэктарам маёмасці прадпрыемства. Ён накіраваў у карыстанне сваякоў службовы аўтамабіль, у тым ліку для выездаў за мяжу. За кошт сродкаў філіялаў прадпрыемства арганізоўваў банкеты.

Акрамя таго, папярэдняе расследаванне ўстанавіла, што кіраўнік, жадаючы зрабіць дарагі рамонт свайго службовага аўтамабіля, наўмысна арганізаваў учыненне злачынства. У 2012 годзе ён даў указанне падначаленым спецыяльна нанесці драпіны на кузаў аўтамабіля і звярнуцца з заявай у міліцыю аб пашкоджанні “Аўдзі А6” невядомай асобай. У выніку аўтамабіль цалкам перафарбавалі.

Сабраныя доказы па 25 эпізодах злачыннай дзейнасці, у выніку якіх службовая асоба нанесла страты прадпрыемству прыкладна на 450 мільёнаў рублёў. Следства забяспечыла поўнае пакрыццё шкоды. Накладзены арышт на маёмасць больш як на 8 мільярдаў рублёў, у тым ліку на грашовыя сродкі, нерухомасць, аўтамабілі.

Да матэрыялаў крымінальнай справы далучаныя заключэнні праверкі фінансава-гаспадарчай дзейнасці ААТ “Мінаблаўтатранс”, дапытаныя дзясяткі сведак. У межах праведзеных вобыскаў у гаражы, які выкарыстоўваў падследны, знайшлі пісталет “Браўнінг”, што захоўваўся там незаконна і быў прыдатны для стральбы.

З улікам усіх акалічнасцяў кіраўніку выстаўленае канчатковае абвінавачанне на падставе чч. 1, 2 арт. 210 (крадзеж шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі, учынены групай асоб паўторна), ч. 4 арт. 16 і ч. 1 арт. 218 (арганізацыя наўмыснага пашкоджання маёмасці, што прывяло да прычыненне шкоды ў значным памеры), ч. 2 арт. 295 (незаконныя дзеянні ў дачыненні да агнястрэльнай зброі), ч. 3 арт. 424 (злоўжыванне службовымі паўнамоцтвамі, што пацягнула цяжкія наступствы), ч. 2 арт. 426 (перавышэнне ўлады або службовых паўнамоцтваў, учыненае з іншай асабістай зацікаўленасці) КК.

Мера стрымання ў выглядзе ўзяцця пад варту, выкарыстаная ў дачыненні да абвінавачанага ад пачатку папярэдняга следства, не змянялася.

Таксама прыцягнутыя да крымінальнай адказнасці службовыя асобы, якія ўвайшлі ў змову з генеральным дырэктарам ААТ “Мінаблаўтатранс” і садзейнічалі яму ва ўчыненні супрацьпраўных дзеянняў.

Крымінальная справа перададзеная пракурору для накіравання ў суд.

Па інфармацыі Таццяны БЕЛАНОГ, афіцыйнага прадстаўніка УСК па Мінскай вобласці.