– “ І “Місіс Маладзечна 2016” становіцца… Надзея Тугусава, – абвяшчае рашэнне журы вядучая і арганізатар свята Маргарыта Шытыка.
– А мы ведалі, што так будзе, – гавораць сяброўкі Надзеі са шматлікай групы падтрымкі.
– І вы ведалі, што так будзе, – паўтараюць у адказ чытачы сайта “Рэгіянальнай газеты”, якія ў галасаванні на сайце rh.by за тыдзень аддалі за Надзею амаль 4000 галасоў, тым самым назвалі яе “Актыўнай місіс”.
А сама Надзея на раніцу пасля конкурсу завітала да нас у рэдакцыю ў кароне пераможцы, каб павіншаваць усіх жанчын з 8 Сакавіка і расказаць, для чаго ёй патрэбны быў удзел у гэтым конкурсе.
– Я раніцай машыну ў кароне чысціла. На мяне суседзі глядзяць і не разумеюць, а мне хораша, – усміхаецца Надзея.
Яна прызнаецца, што для яе ўдзел у конкурсе – гэта магчымасць выйсці ў свет пасля шасці гадоў дэкрэтнага адпачынку.
Аднойчы Надзея ўжо станавілася фіналісткай конкурсу прыгажосці, гэта было ў 2004 годзе на конкурсе Міс Міншчыны.
– Але калі ты выходзіш на конкурс прыгажосці, трымаючы за руку двух сыноў – гэта абсалютна іншыя ўражанні. Асабліва калі твой сын пасля глядзіць на цябе і пытаецца: “Мама, ты каралева?”
Пасля конкурсу муж пагражаў выкінуць тэлефон
Пра тое, што ў Надзеі будзе самая вялікая група падтрымкі, яна ведала за некалькі тыдняў да конкурсу.
– Два тыдні ў мяне не змаўкаў тэлефон, муж пагражаў, што выкіне яго, калі я не выпушчу яго з рук да апоўначы.
Тэлефон разрываўся ад званкоў сябровак. Адны тэлефанавалі з прапановамі пазычыць сукенку або туфлі, іншыя былі адказныя за афармленне групы падтрымкі, – выраблялі ўсім аднолькавыя кароны з кардону, малявалі плакаты. Трэція думалі над тым, як прадставіць усю сям’ю на выхадзе з дзецьмі.
– Сяброўкі нават знайшлі касцюмы крабаў для дзяцей і для мяне касцюм Русалачкі. Сапраўдныя касцюмы з клюшнямі. Але я не рызыкнула, пабаялася, што дзеці спалохаюцца, разгубяцца.
Падтрымаць Надзею прыехалі сябры здалёк, сваякі.
– Бабулечка мая любая прыйшла. Яна паўгода хварэе, на вуліцу не выходзіла, а на конкурс прыйшла. Ну як я магла не перамагчы?
– Верылі ў перамогу ад пачатку?
– Не, хваляванне было. Саперніцы былі прыстойныя. Я да апошняга думала, каго ж выбера журы: мяне ці Юлію Бабашынскую. Але яны зрабілі правільны выбар, – смяецца Надзея.
– Аднак сярод канкурсантак былі і тыя, хто ад пачатку глядзеўся нявыйгрышна…
– Ну і што? Усе ўдзельніцы малайцы, што рашыліся на ўдзел у конкурсе. Гэта ж не конкурс Місіс Сусвет, калі на цябе глядзіць увесь свет. А кожная жанчына для свайго мужа, для сваёй сям’і ўсё адно самая лепшая мама і жонка. І кожная ў чымсьці лепшая.
– Вы – прафесійны харэограф. І ў творчым конкурсе прадстаўлялі танец. Гэта сумленна ў адносінах да іншых удзельніц?
– Так. Чаму я павінна не рабіць гэта толькі таму, што раблю гэта прафесійна?
– Ад “Рэгіянальнай газеты” вы атрымалі сертыфікат на вучэбны семінар ад студыі прыгажосці “Сфера прыгажосці”. Які семінар выбераце?
– Курс масажу, каб масажыраваць сваім любімым мужчынам, мужу і сынам, пятачкі і спінкі. Трэба ж ім неяк аддзячыць, што цярпелі дома бардак два тыдні.
Мама, заспявай песню пра тату
Просяць сыны Надзеі перад сном, і Надзя пачынае спяваць: “С причала рыбачил апостол Андрей…” гурта Nautilus Pompilius.
Старэйшаму сыну, Іллі, – чатыры з паловай гады, малодшаму, Піліпу, – два з паловай.
– Казак на ноч я ім не чытаю, таму што кожны пачынае цягнуць кніжку на сябе, пачынаецца крык, гвалт і ніякага сну. А вось песню у цемнаце паслухаць могуць, але толькі гэту, “пра тату”.
Жыццё Надзеі са з’яўленнем сыноў змянілася кардынальна.
– Я нейкі час была ў ступары, як жыць далей, калі са свету мастацтва, сцэны, выступленняў трапіла ў “пузатае становішча”. Але цяпер атрымоўваю асалоду ўставаць разам з дзецьмі а палове сёмай. Хаця мае сяброўкі здзіўляюцца. Калі вучылася ва ўніверсітэце, магла ўстаць раніцай, папіць кавы і падумаць, што яшчэ не выспалася, і легчы спаць замест таго, каб ісці на пары ва ўніверсітэт.
Надзея выхоўвае сыноў быць джэнтльменамі.
– Піліп яшчэ маленькі, а Іллю я вучу, што калі ён заўважыў, што ў выхавальніцы новая прычоска, то хай скажа ёй пра гэта. А яшчэ ў Іллі ў групе ёсць дзяўчынка Таня, якая падабаецца майму сыну. І вось на Дзень Святога Валянціна я параіла падарыць ёй валянцінку.
Але пры гэтым Надзея марыць пра дачку.
– Ну а што гэта за сям’я, у якой няма маленькай дзяўчынкі? Я вельмі хачу дачушку, бо хлопчыкі вырастуць і трапяць пад уплыў сваіх нявест. А дачка гэта дачка.
Сакрэт прыгажосці: дома ніякіх бігудзі і халатаў
Нават, калі і дазволіш сабе з раніцы апрануць халацік ці звязаць неахайны хвосцік, то да прыходу мужа з працы трэба абавязкова прывесці сябе ў належны выгляд, лічыць “Місіс Маладзечна”.
– Звычайна, я ўжо з раніцы раблю макіяж, прычэсваюся. Тады ж і дзень праходзіць на ўздыме, і суп весялей варыцца, і смецце выносіцца з паднятай галавой, і ўборка дома робіцца. Ну, ідзеш ты такая працерці люстэрка, а адтуль на цябе глядзіць прыгажуня.
Сакрэтаў жа прыгажосці ў Надзеі няма. Раніцай выпівае шклянку вады, працірае твар кавалачкам лёду, займаецца на трэнажоры.
Таму і пажаданне ўсім чытачкам ад Надзеі такое:
– Мілыя жанчыны! Прыгажосці вам знешняй і душэўнай. Любіце сябе. Любіце сваіх блізкіх, не саромейцеся паказваць сваю любоў, і тады гэтая любоў, каханне, вернецца да вас. Ой, гэта што атрымалася, што ўсё вяртаецца да таго, што трэба любіць сябе? Хаця, так, усё правільна, – смяецца Надзея і папраўляе локан, які выбіваецца з-пад кароны.
Бліц для Місіс
– Любімы колер?
– Сіні.
– Любімы фільм?
– “Дагрукацца да нябёсаў”.
– Апошняя кніга, якую прачыталі?
– “Завадны апельсін” Энтані Бёрджэса.
– Калі сямейны адпачынак, то…
– Раз у месяц усёй сям’ёй на рыбалку.
– Любімы горад?
– Маладзечна і Вілейка.
– Любімая страва?
– Тая, што гатуе муж. А муж лепш за ўсё гатуе мяса.
– Як дома называе муж?
– Буся.
– Ваш недахоп.
– Хачу стаць больш гаспадарлівай.