Адбылося гэта 8 сакавіка. Каля дзесяці гадзін вечара выратавальнікам паведамілі пра задымленне ў адным з гаражоў гаражна-будаўнічага кааператыва №3 па вуліцы Незалежнасці.

Пры прыбыцці на месца выратавальнікі ўстанавілі, што гарэў аўтамабіль “Фіят Сціла” 2003 года вытворчасці. У выніку машына пашкоджана: у маторным адсеку выгарэлі пластмасавыя элементы і праводка. Пашкоджана шкло.

Са слоў гаспадара, аўтамабіль ён пакінуў у гаражы ў гадзін пяць вечара. Мужчына сам заўважыў загаранне. Выйшаў на балкон і ўбачыў, як з гаража ідзе дым. Адразу пабег высвятляць, што здарылася. Як адчыніў вароты, то ўбачыў задымленне і полымя ў маторным адсеку.

Прычына пажару ўстанаўліваецца. Адна з найбольш верагодных прычын – замыканне клемаў акумулятарнай батарэі, распавёў інспектар інспекцыі нагляду і прафілактыкі райаддзела па надзвычайных сітуацыях Аляксандр Казакевіч.