Гэты тыдзень прапануе тры прэм’еры.

Напружаны баявік “Падзенне Лондана” абяцае гульню з пэўнай доляй пафасу. Каст унушальны – Морган Фрымэн, Джэрард Батлер. Калі вам хочацца паглядзець на пагоні, выбухі і перастрэлкі пад соусам гучных палітычных пасадаў – выдатны варыянт.

Кадр з фільма. Фота kinodron.ru.

Кадр з фільма. Фота kinodron.ru.

Камедыя “Рабінзон і дзевяць Пятніц” – гэта першы грузіна-азербайджанскі праект у маладзечанскім пракаце. Рабінзон жыве ў італьянскім дворыку ў Грузіі. Аднойчы яму прысніўся сон, у якім анёл нібыта перадае ключы ад шчасця. Хутка Рабінзон апынецца на востраве, дзе пачынаюцца прыгоды.

Кадр з фільма. Фота kinomyvi.tv.

Кадр з фільма. Фота kinomyvi.tv.

“СуперБабровы” – падарунак для фанатаў Аксаны Акіньшынай і фільмаў пра тое, што калі сям’я ўся разам, то можа пераадолець любыя перашкоды, нават звышнатуральныя.

У дом Бабровых зваліўся метэарыт, пасля якога ў членаў сям’і з’явіліся паранармальныя здольнасці. Атрымаўшы такі набытак, сямейка накіравалася абрабаваць банк…

Мінулыя прэм’еры: недапрацаваная расійская камедыя ці яскравая анімацыя

Калі вас не зацікавілі навінкі тыдня, пашукайце фаварыта сярод прэм’ер мінулага.

Аматарам фантастыкі можа прыйсціся даспадобы “Дывергент, глава 3: За сцяной” ці “Богі Егіпта”. Але, хутчэй за ўсё, не прыйдзецца – абодва фільмы атрымаліся слабейшымі, чым чакалі гледачы, і ў пераважнай большасці сабралі адмоўную адзнаку крытыкаў.

Кадр з фільма. Фота kino2016.ru.

Кадр з фільма. Фота kino2016.ru.

Што тычыцца расійскай камедыі “8 лепшых спатканняў”, то яе можна абраць для тых, хто хоча разгрузкі. Тут і карцінка прыемная, і акцёры добра іграюць, і гумар някепскі. Таму хаця сюжэт даволі звыклы – герою ставяць смяротны дыягназ, які прымушае пераасэнсаваць сваё жыццё, – усё гэта глядач даруе. Але ў любой умоўнасці ёсць межы. Пры добрай заяўцы на пачатку фільма, лагічным яе развіцці, канцоўка стала нейкай недарэчнасцю. Нібыта стваральнікі стаміліся працаваць і падгледзелі развязку з фільма, у які тыцнулі наўгад.

Большую частку карціны галоўны герой, які лічыць сябе на ганку смерці, шукае сваёй жонцы новага мужа. Знаходзіць ідэальнага Іллю і робіць усё, каб каханая закахалася ў яго. Аглядальнік “РГ” заўважае, што пераважна карціна збірае станоўныя адзнакі, хаця канцоўка падобная да халтуры. Адчуванне, што калі па хранаметражы спатрэбілася развязка, сцэнарысты зрабілі з Іллі вар’ята, які збег з вар’ятні і лічыць сябе супергероем.

Што гэта не заўважыў галоўны герой, дапусціць магчыма – чалавек у стрэсе, да смерці рыхтуецца. Але як вар’ят-Ілья ў пажарнай форме мог выцягнуць галоўнага героя з палаючага дома, пасля выступаць перад дзецьмі ў пажарнай часці, ды яшчэ каб пра яго з замілаваннем гаварыла іншая выратавальніца? Такой недарэчнасці мы дараваць не можам. Калі вы з тых гледачоў, якіх мала турбуе сюжэтная логіка, то камедыя можа стаць для вас адпачынкам. Кінагурманам лепш выбраць іншую прапанову.

Кадр з мультфільма. Фота kinonews.ru.

Кадр з мультфільма. Фота kinonews.ru.

І выдатны варыянт – мульцік “Звераполіс”. Стваральнікі “Халоднага сэрца”, “Ральфа” і “Горада герояў” не могуць падвесці. Гэта арыгінальная гісторыя з бліскучымі дыялогамі, актуальнымі праблемамі, запамінальнымі матывуючымі фразамі і дынамічным сюжэтам. Ён будзе аднолькава цікавы і дзецям, і дарослым. Лепш схадзіць на якасны мульцік, чым на халтурнае кіно.

Кадр з мультфільма. Фота kinopoisk.ru.

Кадр з мультфільма. Фота kinopoisk.ru.