Аўтарскі творчы вечар паэтэсы і спявачкі “З табою…” прайшоў у раённым Цэнтры культуры 4 сакавіка.

Таццяна Атрошанка чытала вершы, спявала ўласныя песні, а таксама сама была вядучай. Творчая праграма атрымалася вельмі пачуццёвай, шчырай і цёплай.

Сама паэтэса распавядае, што на канцэрце напярэдадні 8 Сакавіка хацела раскрыць сутнасць жанчыны, пазнаёміць з яе ўнутраным светам. Таму праграма была больш адрасаваная якраз мужчынам.

– Мужчыны часта скардзяцца, што жанчыны – гэта нібы істоты з іншай планеты, – гаворыць творца. – Таму я паспрабавала зрабіць нас больш зразумелымі. І па рэакцыі мужчын, якія пасля канцэрта вельмі цёпла дзякавалі мне, раблю выснову, што гэтай мэты ў пэўнай ступені дасягнула.

На канцэрце выступала і дачка Таццяны Даша. Даша таксама спявае, яна ўладальніца Гран-пры “Адной зямлі”, фіналістка “Дзіцячага Еўрабачання”.

Чуллівым момантам стала яе выступленне.

– Гэта быў сюрпрыз для мяне, – дзеліцца паэтка. – Яны рыхтавалі гэты нумар з бацькам, і мне таксама было цікава паглядзець, што яны задумалі. Атрымалася вельмі прыгожа.

У канцэртнай праграме таксама ўзялі ­ўдзел паэт Канстанцін Цыбульскі і харэографы Моладзевага тэатра эстрады Мінска.

– Гэты вечар быў жаночай шчырасцю, энцыклапедыяй жыцця жанчыны, – кажа Ганна Уладыка, дырэктарка цэнтралізаванай клубнай сістэмы Маладзечанскага раёна. – Таццяна гаварыла пра тое, што сама перажыла і выказала ў творчасці. Тэма любові, тэма жанчыны былі галоўнымі ў гэты вечар. Атрымаўся цудоўны канцэрт ад сэрца жанчыны да сэрцаў усіх жанчын.