Пераехаўшы ў 2012 годзе, мы не мелі вялікіх грошай на рамонт. Таму вырашылі ўключыць крэатыў.

Ідэя для спальні паўстала, калі ўмацоўвалі старое акно на кухні. Муж сказаў, чорныя металічныя куткі можна было б пакінуць без фарбы. Так мы і зрабілі ў спальні. Атрымалася нештачка ў стылі, які часам называюць “кантры-лофт”. Натхняліся майстэрняй майго дзеда на Брэстчыне:

Я фатаграфавала спальню цягам усяго 2015 года, таму могуць быць адрозненні ў дэталях. Частыя змены – частка задумы: тут няма нічога трывалага, пакой можна лёгка і хутка перарабіць пад новыя патрэбы або проста пад настрой. За тры гады выгляд мяняўся чатыры разы. Першы год у пакоі не было нічога, апроч новага матраца, які ляжаў наўпрост на падлозе. На спінах не ашчаджалі – набылі бесспружынны матрас 200х160 маркі “Кондар”, праз год – аснову пад матрас “Вегас”. Потым спальня стала выглядаць так:

Пакой у 11 квадратаў мае амаль квадратную форму. Сцены паклеілі шпалерамі з фактурай лёну і пафарбавалі белай фарбай Caparolsamtex, каб стварыць светлы фон для цёмнай мэблі. Вокны пафарбавалі акрылавай фарбай CaparolPu-Satin з колерам “куркума”. Акрыл – экалагічна, але непрактычна: за зіму ўнутраная рама крыху аблазіць, штогод перад Вялікднем падфарбоўваю яе.

Палічкі над ложкам таксама куплялі ў Вільні, у краме “Jysk”, хоць, канешне, усе яны адной “ікеяй” мазаныя. Лямпы з “Ікеі”; хоць маем верхняе святло, увечары ўключаем толькі іх або начнік. Узгалоўе зімправізавала з абрэзку ДСП і штораў, гэта часовае рашэнне, калі будзе натхненне, яго лёгка перарабіць (планую ў адным стылі з дзвярыма). Мацаванні ўзгалоўя і драты ад лямпаў спецыяльна пакінутыя вонкі для падтрымання стылю. Пад ложкам 4-балоневыя куфры ад “Ікеі”, дзе мы захоўваем абутак і іншыя рэчы.

Шторы на вокнах – з “Ікеі”, фіранка пашытая з нямецкай тканіны, куплянай у Вільні. Зрэшты, галоўнае ўпрыгожанне акна – за ім. Тут вельмі добра ўлетку.

Грандыёзную савецую батарэю пафарбавалі серабранкай “Alpina”, куды намяшалі чорнага колеру ад “Снежкі”, каб металічны бляск быў цямнейшым:

У якасці вазонаў для напольных кветак выкарысоўваем выварку, якую купілі ў гаспадарчай краме, і гаршчок, які знайшла ў майстэрні дзеда. У апошнія гады дзядзька варыў у ім тасол. Карціна – з “Ікеі”, па-моднаму стаіць на падлозе, закрывае ніжнія разеткі. Усяго ў пакоі 20 разетак – па 4 па кутах і па 2 зверху. Такім чынам, куды ні пастаў мэблю, ёсць куды ўключыць таршэр або кампутар. Праводку разводзілі самі пад кіраўніцтвам майго бацькі.

У пакоі пераважна натуральныя матэрыялы. Коўдра і аўчынка на падлогу са Львова – падарунак бацькоў на вяселле.

Паркет падчас пераезду быў у прымальным стане, усё адно хацелі пацыкляваць, але не ўдалося. Бо мы спачатку зрабілі столь і сцены, а потым патэлефанавалі майстрам. Нам сказалі, падлога падчас рамонту робіцца ў першую чаргу – іначай пілавінне шкодзіць свежую фарбу. Добрая навука на будучыню.

Тумбачка – савецкая, спадчына мужа, калісьці была пафарбаваная ягонай маці ў цямнейшы колер марылкай, на ёй – таксама спадчынны савецкі начнік “Агні Масквы”. Увечары, калі запаліш яго, робіцца вельмі ўтульна.

Замест другой тумбачкі ўвосень ў пакоі стаяў стол. Яго мы прывезлі з вёскі, пафарбавалі “куркумой” і крыху дарабілі, бо ў стале бракавала шуфлядкі. Цяпер замест шуфлядкі – фальш-планка, замест ручкі – падарунак ад сяброўкі, бранзалет, які не атрымліваецца насіць, але прыемна разглядаць штодня. У стол можна складваць рэчы, бо ён падшыты перфараванай плітой (такой зычайна закрываюць батарэі). Туды я складаю паперы, з якімі працую, касметыку. Можна ставіць кампутар, ён не будзе перагравацца – спецыяльна для гэтага –  перфарацыя. Крэсла – таксама з вёскі, перацягнутае кавалкам старой капы.

Ад вітальні пакой адгароджаны двума ўбудаванымі шафамі, паміж якімі – дзверы. Адна шафа адкрываеццца ў спальню, другая – у вітальню, а ў пакой глядзіць яе сценка з ДСП. Многія жыхары дома прыбіраюць гэту шафу і ставяць купэ з новага ДСП, але мы вырашылі не мяняць шыла на мыла і абнавілі гэтую. Хацелі абклеіць яе таксама шпалерамі, але калі зашпатлявалі, пабачылі, што атрымалася цікавая паверхня – так і пакінулі. Замовілі распіл і ў шафе змайстравалі 5 трывалых паліцаў з ДСП, вопратка захоўваецца там у пластыкавых кашах. Дзверы знялі, каб ашчадзіць месца ў пакоі, павесілі карніз і штору з “Ікеі”. На фота фіранка, можа, не выглядае надта эфектыўна, бо не блішчыць, але ў жыцці яна пасуе спальні, бо натуральная. У пакоі працуе мыйка паветра Venta – набылі ў Нямеччыне. Добрая штука – рэкамендуем. Савецкія шырокія дзверы замянілі на мэблевыя двухстворкавыя, якія па індывідуальным праекце зрабілі нам з МДФ на адным мінскім прадпрыемстве. Дзверы спатрэбіліся тэрмінова, пакуль заляпіла іх па-хуткаму цыратай-самаклейкай, але аднойчы тут з’явіцца цікавейшае афармленне. На жаль, шырыня пакоя не дазваляе зняць шафу ад падлогі да столі:

Упрыгожылі антрэсолі дзедавай пілой і фота з вёскі, на суцэльную сцяну павесілі кручкі, якія знайшлі ў кватэры. Нацюрморцік справа, як можна здагадацца, дзірку ў сцяне закрывае.

Калі рабіла здымкі, з шафы раптам высунуўся самотны слон – мая любімая цацка:

Гэтае фота добра паказвае столь. Пафарбавалі яе “Снежкай”, папярэдне зарабіўшы доўгія шчыліны-канаўкі. За некалькі год пліты ссунуліся, і цяпер на столі горб. Аказваецца, гэтыя канаўкі – сутык плітаў яны рухаюцца цягам году ў залежнасці ад тэмпературы, і лепш было не чапаць іх. Таксама добрая навука.

…Так пакой выглядаў увосень 2015 года, але ўзімку мы зрабілі рэдызайн:

Купілі новую капу. Гэта “Аршанскі лён”. Шкада, у іх няма капаў вялізных памераў, таму гэтую пакуль засцілаю ўпоперак. Планую яшчэ купіць вузкую капу, каб было чым закрываць падушкі.

Але галоўнае, канешне, на фота злева. Працоўны стол ператварыўся ў спавівальны і перавандраваў да шафы, а на яго месца стаў ложак, зроблены каля 40 гадоў таму на караблебудаўнічым заводзе ў Ленінградзе. Такім чынам, у слана з’явіўся сябар, а праз пару гадоў пакой чакае яшчэ адзін рамонт, гэтым разам глабальнейшы. Будзем трымаць вас у курсе.

Марыя з Мінска.

Прыкладныя кошты рамонту ў доларах:

400 – праца майстроў над акном, столлю, шафай, сценамі

100 – усе фарбы

160 – увесь тэкстыль, лямпы, рамкі, балоневыя куфры пад ложкам, выварка-вазон

500 – матрац

100 – аснова пад матрац

40 – праводка і разеткі

Усяго 1300 даляраў.

Натхнення!

Як паўдзельнічаць у конкурсе

На конкурс “Рэгіянальнай газеты” “Раскажы пра свой рамонт” ужо даслалі тры гісторыі. Марыя з Маладзечна, Марыя з Мінска і настаўніцы Ільянскай школы Аксана Ярашонак і Таццяна Максімовіч.

Па просьбах нашых чытачоў мы працягваем конкурс яшчэ на тыдзень, да 17 сакавіка. Галасаванне за найлепшую гісторыю пра рамонт адбудзецца на нашым сайце 18 сакавіка.

Да конкурсу прымаюцца гісторыі пра тое, як вы зрабілі рамонт хаця б аднаго пакоя з фотаздымкам выніку. Пажадана дадаць фота да рамонту.

Падлічыце, колькі каштавалі матэрыялы, у колькі абышоўся рамонт, як выбіралі дызайн. Наколькі вынік адрозніваецца ад задумы? Ці заўважылі вы памылкі, якія дапусцілі ў час рамонту? Што б вы перарабілі?

Вы не толькі дапаможаце з рамонтам іншым чытачам, але і атрымаеце шанец выйграць прыз.

Дасылайце гісторыі, напісаныя ў аб’ёме не большым за 3,5 тысячы знакаў, разам з каштарысам і фотаздымкамі на адрас regionnews@rh.by. Пазначце свой нумар тэлефона. Вашы гісторыі будуць апублікаваныя на сайце rh.by і ў “Рэгіянальнай газеце”. Пасля на сайце мы размесцім галасаванне, якое і вызначыць пераможцу.

Калі ў вас ёсць дадатковыя пытанні, тэлефануйце: (8 0176) 76-96-67.

Якія падарункі атрымае пераможца

Прызы пераможцам прапануюць спонсары конкурсу “Раскажы пра свой рамонт”.

ІП Алег Валянцінавіч Шульжыцкі дае сертыфікат на скідку 500 тысяч рублёў на любы тавар катэгорыі “Мэбля” ў студыі мэблі “Інтэк”.

ІП Таццяна Леанідаўна Бойка  прапанавала сертыфікат на скідку 500 000 рублёў на спадарожнікавую антэну.

ТАА “Саюра” дае сертыфікат на скідку на вокны ПВХ. На пакупку аднаго акна скідка складзе 250 000 рублёў. На пакупку двух акон скідка складзе 450 000 рублёў. На пакупку ад трох акон скідка складзе 600 000 рублёў.

Усе сертыфікаты дзей­­нічаюць да 1 ліпеня.