Рамонт – гэта сур’ёзна, гэта выпрабаванне сям’і на трываласць. Але ўсе гэтыя часовыя пакуты кампенсуюцца ўтульнасцю, прыгажосцю, адчуваннем таго, што ты ўсё ж змог гэта зрабіць. 

Рамонт спальні мы рабілі ў студзені 2013 года. Вось ужо тры гады прайшлі, а мне і сёння прыемна знаходзіцца ў гэтым пакоі. Усё рабіў муж сваімі рукамі.

Пакой невялікі, 14 кв.м, выцягнуты. Першае, з чаго пачаў, выраўняў столь. Пліты ляжалі няроўна, і прыйшлося добра паваждацца. Прыклеілі шырокі плінтус і пасля пафарбавалі белай “Снежкай”.

З падлогай работы было яшчэ больш. У нас ляжаў першапачаткова сасновы паркет, але ён скрыпеў-рыпеў, патрэскаўся і паадвальваўся. Прыйшлося ўмацаваць лагі, пакласці чарнавую падлогу і новы паркет – дубовы. Яго купілі на паркетнай фабрыцы ў Заслаўі, некандыцыю. Трэба было падбіраць дошчачкі, шліфаваць і пакрываць лакам. Запрасілі майстра, каб пашліфаваў. Работы хапіла, але вынік перасягнуў нашы чаканні, падлога атрымалася проста супер. Па ёй прыемна хадзіць босымі нагамі, выглядае таксама на ўсе сто.

Сцены таксама параўнялі. Чаму параўнялі, бо зрабіць іх роўнымі было немагчыма. Прасцей было цалкам разабраць перагародку, бо яна вельмі крыва пакладзеная, і вывесці нанова. Але гэта затратна і не варта таго. Пасля паклеілі нямецкімі шпалерамі. Калі куплялі іх, былі ў захапленні, але як паклеілі, то выйшла тое, што выйшла. Я люблю ружова-бурачковыя колеры і ўсе іх адценні, таму не перажываю з-за гэтага.

Распланавалі і вывелі, дзе трэба, разеткі, бо была адна на ўсю спальню.

Мэблю – спальны гарнітур “Рамонак” (ложак, шафа, дзве тумбачкі і камод) – купілі ў магазіне “Маладзечнамэбля”. Усё добра ўпісалася. Матрац артапедычны.

Шторы, гардзіны і пакрывала з падушкамі на ложак заказала ў павільёне на Цэнтральнай плошчы. Дзякуй ім, пашылі добра, я была задаволеная.

Люстра і настольныя лямпы італьянскага вытворцы “пераехалі” са старога інтэр’ера. Хацелі купіць нешта новае, ды не знайшлі тое, што вельмі б спадабалася. А мяняць шыла на мыла…

Карціну над ложкам, габелен, нам падарылі, яна, згодна з фэн-шуем, самы лепшы варыянт для спальні.

Побач – ікона Божай Маці, вышытая бісерам. Гэта падарунак маёй сяброўкі.

Карціна над камодам – вышыванка – падарунак маёй сястры. Вешалка з пацеркамі – hand made, для настрою, і зручна.

Тэлевізар у спальні – для мяне ён як снатворнае, уключыў, трохі паглядзеў, выключыў і заснуў. Зручна паглядзець у выхадныя які-небудзь добры фільм. У нас падключаная ЗАЛА, можна глядзець з інтэрнэта, флэшкі.

Акно не мянялі, бо ўжо раней уставілі драўляны шклопакет, памянялі толькі падаконнік.

Грошы, якія пайшлі на рамонт (цэны ў рублях 2013 года):

Мэбля – 21 340 000

Тэлевізар – 6 000 000

Шпалеры – 1 550 000

Будматэрыялы, разеткі, провад – 1 332 000

Паркет і ўсё, што спатрэбілася для падлогі – 3 702 000

Шліфаванне паркету – 350 000

Артапедычны марац – 2 691 000

Карніз – 350 000

Гардзіны, шторы і пакрывала – 2 780 000

У выніку спатрэбілася 40 мільёнаў з маленькім хвосцікам. На той час быў курс долара 8 909, то выйшла 4 з паловай тысячы долараў. Гэта нямала, на сёння я на такую рамонтную авантуру ўжо не пайшла б.

Здымкаў, як было раней, на жаль, няма.

Марыя з Маладзечна.

Як паўдзельнічаць у конкурсе

Па просьбах нашых чытачоў мы працягваем конкурс яшчэ на тыдзень, да 17 сакавіка. Галасаванне за найлепшую гісторыю пра рамонт адбудзецца на нашым сайце 18 сакавіка.

Да конкурсу прымаюцца гісторыі пра тое, як вы зрабілі рамонт хаця б аднаго пакоя з фотаздымкам выніку. Пажадана дадаць фота да рамонту.

Падлічыце, колькі каштавалі матэрыялы, у колькі абышоўся рамонт, як выбіралі дызайн. Наколькі вынік адрозніваецца ад задумы? Ці заўважылі вы памылкі, якія дапусцілі ў час рамонту? Што б вы перарабілі?

Вы не толькі дапаможаце з рамонтам іншым чытачам, але і атрымаеце шанец выйграць прыз.

Дасылайце гісторыі, напісаныя ў аб’ёме не большым за 3,5 тысячы знакаў, разам з каштарысам і фотаздымкамі на адрас regionnews@rh.by. Пазначце свой нумар тэлефона. Вашы гісторыі будуць апублікаваныя на сайце rh.by і ў “Рэгіянальнай газеце”. Пасля на сайце мы размесцім галасаванне, якое і вызначыць пераможцу.

Калі ў вас ёсць дадатковыя пытанні, тэлефануйце: (8 0176) 76-96-67.

Якія падарункі атрымае пераможца

Прызы пераможцам прапануюць спонсары конкурсу “Раскажы пра свой рамонт”.

ІП Алег Валянцінавіч Шульжыцкі дае сертыфікат на скідку 500 тысяч рублёў на любы тавар катэгорыі “Мэбля” ў студыі мэблі “Інтэк”.

ІП Таццяна Леанідаўна Бойка  прапанавала сертыфікат на скідку 500 000 рублёў на спадарожнікавую антэну.

ТАА “Саюра” дае сертыфікат на скідку на вокны ПВХ. На пакупку аднаго акна скідка складзе 250 000 рублёў. На пакупку двух акон скідка складзе 450 000 рублёў. На пакупку ад трох акон скідка складзе 600 000 рублёў.

Усе сертыфікаты дзей­­нічаюць да 1 ліпеня.