Сакрэты новай дошкі ад вучняў 4 класа Ільянскай сярэдняй школы імя А. А. Грымаця.

Напэўна, для многіх з нас 1 Верасня асацыюецца з белымі бантамі, кветкамі, усмешкай настаўніцы, а яшчэ з ледзь улоўным пахам свежай фарбы. Так прыемна прайсціся па абноўленай бліскучай падлозе, прабегчы па калідоры з яркімі сценамі, паскакаць па свежапафарбаваных прыступках!

Пачатак мінулага навучальнага года запомніўся вучням 4 класа не толькі свежасцю, чысцінёй і пафарбаванасцю, а яшчэ і новай сучаснай дошкай.

Фота забяспечана Аксанай Ярашонак.

Фота забяспечана Аксанай Ярашонак.

– Дзеці, як вам “абноўка”? Падабаецца? – пытаемся ў вучняў.

– Падабаецца! Старая дошка была сумнага карычневага колеру, – адказвае Юля Каржэвіч і дадае шэптам: – І нават крыху падрапаная…

– І хто ж яе падрапаў? – пытаемся строга.

– Не мы! Не мы! – хорам крычыць чацвёрты клас. – Гэта, напэўна, яшчэ нашы папярэднікі.

– Новая дошка прыгожая, зялёненькая. Да яе можна чапляць магніты, – працягвае Косця Кандрашоў.

– На ёй і крэйда лепш піша, – падтрымлівае аднакласніка Юля Ярашонак.

– Старая была зусім для маленькіх, на ёй нават былі пазначаны клеткі і лінейкі. А мы ж ужо вялікія: можам пісаць без клетак і лінеек, – уключаецца ў размову Лізавета Хаванская.

Вучаніцы каля новай дошкі. Фота забяспечана Аксанай Ярашонак.

Вучаніцы каля новай дошкі. Фота забяспечана Аксанай Ярашонак.

І тут агульнакласны фізік-вынаходнік-эксперыментатар Назар Каралёў “забівае” сваім назіраннем:

– А ведаеце, калі ў школу прынесці вялікі цвік і правесці ім па дошцы, будзе такі непрыемны гук! – і, бачачы нешта нядобрае ў вачах настаўніка, спяшаецца дадаць: – Толькі я ў школе так не раблю, я дома эксперыментую.

Здаецца, больш “забойнага” адказу ужо не будзе. Але, не. Аня Бабовіч знайшла школьнай дошцы новае прымяненне:

– Ведаеце, калі  дошку добра памыць, у ёй відаць наша адлюстраванне. Таму можна глядзець на дошку, адной рукой пісаць, а другой… фарбаваць вусны! (сапраўды, вельмі актуальна для чацвертага класа).

– А ці робяцца на новай дошцы памылкі? – пытаемся.

– У каго як… – уздыхаючы адказвае Паша Мікуцкі.

– Так… Наша дошка прыгожая і сучасная, але… не чароўная, – падтрымлівае свайго вучня  настаўніца Таццяна Пятроўна Максімовіч.

Фота забяспечана Аксанай Ярашонак.

Фота забяспечана Аксанай Ярашонак.

Таццяна МАКСІМОВІЧ,  Аксана ЯРАШОНАК і вучні 4 класа Ільянскай сярэдняй школы імя Грымаця.

Як паўдзельнічаць у конкурсе

Па просьбах нашых чытачоў мы працягваем конкурс яшчэ на тыдзень, да 17 сакавіка. Галасаванне за найлепшую гісторыю пра рамонт адбудзецца на нашым сайце 18 сакавіка.

Да конкурсу прымаюцца гісторыі пра тое, як вы зрабілі рамонт хаця б аднаго пакоя з фотаздымкам выніку. Пажадана дадаць фота да рамонту.

Падлічыце, колькі каштавалі матэрыялы, у колькі абышоўся рамонт, як выбіралі дызайн. Наколькі вынік адрозніваецца ад задумы? Ці заўважылі вы памылкі, якія дапусцілі ў час рамонту? Што б вы перарабілі?

Вы не толькі дапаможаце з рамонтам іншым чытачам, але і атрымаеце шанец выйграць прыз.

Дасылайце гісторыі, напісаныя ў аб’ёме не большым за 3,5 тысячы знакаў, разам з каштарысам і фотаздымкамі на адрас regionnews@rh.by. Пазначце свой нумар тэлефона. Вашы гісторыі будуць апублікаваныя на сайце rh.by і ў “Рэгіянальнай газеце”. Пасля на сайце мы размесцім галасаванне, якое і вызначыць пераможцу.

Калі ў вас ёсць дадатковыя пытанні, тэлефануйце: (80176 76-96-67.

Якія падарункі атрымае пераможца

Прызы пераможцам прапануюць спонсары конкурсу “Раскажы пра свой рамонт”.

ІП Алег Валянцінавіч Шульжыцкі дае сертыфікат на скідку 500 тысяч рублёў на любы тавар катэгорыі “Мэбля” ў студыі мэблі “Інтэк”.

ІП Таццяна Леанідаўна Бойка  прапанавала сертыфікат на скідку 500 000 рублёў на спадарожнікавую антэну.

ТАА “Саюра” дае сертыфікат на скідку на вокны ПВХ. На пакупку аднаго акна скідка складзе 250 000 рублёў. На пакупку двух акон скідка складзе 450 000 рублёў. На пакупку ад трох акон скідка складзе 600 000 рублёў.

Усе сертыфікаты дзей­­нічаюць да 1 ліпеня.