Таленавітая хуліганістая мастачка з Маладзечна, якая робіць тое, што сама лічыць правільным, а не тое, што нашэптваюць іншыя, дэбютава­ла ў афармленні вокладкі для кнігі Мікіты Найдзёна­ва “Развітанцы”.

“Імпрэзентацыя” кнігі адбылася 29 лютага ў Мінску ў выглядзе танцавальнай імправізацыі з вершамі і музыкай ад Мікіты.

– Адкуль ідэя вокладкі “Развітанцаў”?

– Гэта сапраўдная буцінанка, якая называецца “Не губляйце галавы”. Яна цяпер выстаўляецца ў галерэі. На ёй выява дзяўчыны, якая згубіла галаву, а хлопец хавае яе ў сябе за спінай, бо яму гэта выгадна. Я намалявала і выразала гэту працу ў 2013 годзе. Да яе заўсёды ставіліся неадназначна. Мабыць, таму, што яна смелая, яркая. Я сама вельмі люблю яркія колеры. Па мне, мабыць, бачна, – усміхаецца мастачка.

У дзень прэзентацыі кнігі Мікіты Найдзёнава ў Мінску Надзя ў пярэстай сукенцы колераў вокладкі – чорны, сіні, чырвоны, белы.

– Не ўсім дзяўчатам, жанчынам гэта праца падабаецца. Мабыць, бачаць у ёй сябе. Кожная апынаецца ў такой сітуацыі. Калі Мікіта, мой даўні сябар, папрасіў зрабіць яму вокладку для дэбютнай кнігі, я доўга думала, што б магло падысці да слова “развітанцы”. Узнікла пару ідэй, але ніводная не клалася на назву і змест. Тут ён мне тэлефануе і кажа: “Надзя, толькі што прагледзеў твае працы, і гэтая ну так падыходзіць! Хачу менавіта яе! Можна?” Пасля мой муж Генадзь дапрацаваў яе для вокладкі. Там кальцавая кампазіцыя, шлейф сукенкі праходзіць праз усю вокладку і заканчваецца наперадзе. Незвычайны ход, нетыповы для вокладак. У афармленні беларускіх кніг, што трапляюць мне ў рукі, не хапае фарбаў, смеласці. Мне асабіста падабаецца еўрапейская, шведская школа ілюстрацыі. Вокладка павінна быць простай, але яна мусіць чапляць. Як некалі амерыканскі мастак Эндзі Уорхал распрацаваў дызайн бляшанак “Кока Кола”, якім захапляюцца дагэтуль.

Буцінанка – гэта не выцінанка. Надзя наўмысна прыдумала гэтаму накірунку мастацтва такую сугучную назву. Буцінанка – таксама выразанне з паперы, але ў работах, зробленых у гэтай тэхніцы, няма сіметрыі, няма беларускіх сімвалаў, якія складаюць падмурак выцінанкі. У свеце ў падобнай тэхніцы шмат хто працуе, а ў Беларусі Надзя фактычна першапраходніца, паколькі вынесла яе ў асобную галіну мастацтва.

Работы Надзі Букі глядзіце на яе сайце: butinanka.com

– Памятаеце сваю першую буцінанку?

– Маёй першай настаўніцай па выцінанцы была Вікторыя Мікітаўна Чырвонцава. Я займалася ў яе, калі паступіла на аддзяленне дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва ў тагачаснае Маладзечанскае музычнае вучылішча. Першай працай у тэхніцы буцінанкі была дыпломная работа: серыя кніжных ілюстрацый да ўласнай кнігі беларускамоўных вершаў. Тады я была яшчэ Надзеяй Смальяковай. Мой куратар сказаў: “Надзя, ну гэта ж не выцінанка, але рабі, мне падабаецца!” А мне дазвол быў непатрэбны. Я такі чалавек: калі мне трэба, я раблю. Калі сумняваешся і не робіш – потым шкадуеш. На абароне дыпломнай работы мне паставілі пяцёрку па пяцібальнай сістэме.

Магчыма, Надзя паступіла б у Акадэмію мастацтваў, як і планавала ў 17 гадоў, калі б не бразільскі серыял. Там апісвалася неверагодна рамантычная гісторыя: яна – рэдактарка, ён – рэпарцёр. Дзяўчына тады падумала: “Навошта мне гэты дызайн? Усё роўна потым тыя канапы навучуся маляваць. Вось у серыяле – сапраўднае жыццё!” Надзя загарэлася і ў адзін дзень вырашыла, што будзе журналісткай. Паступіла ў Інстытут журналістыкі, потым працавала і на маладзечанскім тэлебачанні, і на сталічным.

– Я часта ўпадаю ў крайнасці, – кажа мастачка. – Гэта тычыцца не толькі прафесіі. Калісьці ў мяне былі фіялетавыя валасы, сёння – светлыя. Для мяне няма праблемы ў тым, каб мяняцца. Толькі, мабыць, пол ніколі не змяню. Не хачу.

Пакуль Надзя вучылася на журналістку, малявала толькі для сябе, у стол. Буцінанкі, выразаных работ, увогуле не было.

– Першую буцінанку пасля доўгага перапынку выразала, калі ўжо пераехала ў Мінск. Тады быў пераходны перыяд у маім жыцці, сапраўдны стрэс. Гэта, мабыць, і падштурхнула. За першай работай была другая, трэцяя, першая персанальная выстава ў Мінску, а за ёй – усе наступныя, ужо больш за 13 прайшло. Што падштурхоўвае мастака ствараць? Альбо грошы, альбо выстава. У мяне быў другі варыянт. Планавалася першая персанальная выстава ў Палацы Рэспублікі, і мне за паў­года трэба было зрабіць каля 30 прац.

– Атрымліваецца працаваць на замову?

– Ужо зразумела, што не магу. У мяне былі пару спроб выразаць тое, што замаўлялі, але калі рабіла, быццам выціскала гэта з сябе. Не было натхнення. Я магу за тыдзень зрабіць работу. А магу і на працягу паў­года адной займацца. У мяне ўсё залежыць ад натхнення. Хаця што такое натхненне? Калі не лянота, калі ёсць жаданне і дазваляе здароўе. І добры настрой. Альбо мастак працуе, калі ў яго стрэс, як станоўчы, так і адмоўны.

Але ёсць стрэсы, якія вымушаюць адкласці пэндзаль ці нажніцы.

– Я працавала на сталічным тэлебачанні, калі здарыўся тэракт у мінскім метро. Адна з першых  прыехала на месца. Шмат бачыла, зашмат. Пасля таго паўгода не брала ў рукі пэндзаль. Не змагла гэта выказаць у мастацтве і, мабыць, ніколі не змагу.

Цяпер мастачка працуе над уласнай кнігай “Бася і Піглас”. Піглас – істота, выдуманая Надзяй. Выглядае як вока з крыламі. Жыве побач са шчаслівымі людзьмі і харчуецца іх пазітыўнай энергіяй.

– Я напісала кнігу літаральна за тыдзень, як дазналася, што цяжарная другім дзіцем. Працэс падрыхтоўкі ілюстрацый адклаўся, цяпер актыўна імі займаюся. У Беларусі кніга будзе выдадзеная на беларускай мове. Галоўная гераіня – першакласніца Бася. Пацешная і кучаравая. Гэта кніга-альбом, у ёй мінімум тэксту і максімум ілюстрацый – акварэльных малюнкаў. Нялёгка ідзе праца. Не таму, што не ведаю, што маляваць. Ведаю. Проста я сядаю за гэта, калі дзеці кладуцца спаць. А трэба ж раніцай прачнуцца і быць бадзёрай, вясёлай. Ужо гатова больш за палову ілюстрацый. Спадзяюся, што кніга выйдзе дзесьці бліжэй да Новага года, яна больш зімняя. Гэта будзе маё трэцяе дзіця. Бася.

– Сям’я дапамагае ў падрыхтоўцы?

– Мой старэйшы сын выступае ў ролі рэцэнзента. Ён першы пачуў тое, што напісана ў кнізе. Даў дабро. На кожную ілюстрацыю таксама дае рэзалюцыю: “Так, мама. Тут сатры, мне не падабаецца”. Гэта цудоўна, бо кніга найперш разлічаная на дзяцей. Прыкладна на ўзрост… Хаця, на любы ўзрост. Дарослыя таксама дзеці.

У мастачкі ўжо ёсць паслядоўнікі. Надзя вяла ў Мінску ў Палацы дзяцей і моладзі студыю па буцінанцы, займалася з дзецьмі. Закрыла яе толькі таму, што пайшла ў дэкрэтны адпачынак. Малодшаму сыну мастачкі, Яну, – год і чатыры месяцы. Старэйшаму, Жэню, – 9 гадоў. Ён не выразае, але малюе.

– У Пігласа ўжо з’явіліся сябры?

– Гэта ўвогуле асобная тэма. У кнізе пра Басю і Пігласа іншыя персанажы не будуць апісаныя, але яны будуць намаляваныя. Калі кніга будзе мець поспех, зраблю працяг. Тады там будзе, напрыклад, пра Пуву, істоту, якая харчуецца гузікамі і глядзіць за тым, каб у чалавека былі добрыя сны.

– Што згадваеце пра Маладзечна?

– Я там нарадзілася, пражыла 27 гадоў. Скончыла чацвертую школу, дзе вучылася ў эксперыментальным класе з мастацкім ухілам. Там у 14 гадоў перамагла ў мастацкім конкурсе “Дзеці свету малююць Іерусалім”, за што мяне ўзнагародзілі двухтыднёвай паездкай у Ізраіль. Гады навучання ў музвучылішчы – увогуле самы цудоўны час! Мая маладосць, закаханасць, рамантыка такая… У Маладзечне я выйшла замуж, нарадзіла першага сына. Вельмі люблю гэты горад. Асабліва мне падабаецца прыязджаць у маі. Тады горад надта прыгожы. Майскі горад. Люблю прайсціся па парку, цяпер ужо з каляскай. Ідзеш і прыгадваеш: вось тут, пад гэтым дрэвам, я з будучым мужам цалавалася, а вось тут плакала, таму што з кімсьці рассталася, а тут мы з мамай сядзелі і размаўлялі. Цяпер для мяне гэта горад успамінаў.

Даведка “РГ”. Надзя Бука нарадзілася 2 снежня 1981 года. 27 гадоў пражыла ў Маладзечне, пасля пераехала ў Мінск.