На мінулым тыдні ў Маладзечанскім райвыканкаме адбылося пасяджэнне камісіі савета суб’ектаў прафілактыкі правапарушэнняў.
На гэты раз сабраліся кіраўнікі і ўладальнікі кавярняў і іншых устаноў грамадскага харчавання, у дзейнасці якіх былі правапарушэнні.
Пра гэта “Рэгіянальнай газеце” расказала сябра камісіі Алена Іванько.
– Мы стварылі гэту камісію яшчэ ў 2014 годзе. І праца яе запатрабаваная, як паказвае практыка. Не ўсе забаўляльныя ўстановы горада могуць гарантаваць сваім наведнікам, што іх здароўе ў бяспецы.
На пасяджэнні абмеркавалі пытанні, якім чынам палепшыць працу забаўляльных устаноў, забяспечыць бяспеку іх наведнікам. Адным з важных пунктаў сустрэчы стала абмеркаванне культуры ўжывання алкагольных напояў.
Некаторым установам даручылі заключыць дагавор з дэпартаментам аховы, таму што ўласная ахова не спраўляецца са сваімі абавязкамі.
Прапанавалі размясціць стэнды з інфармацыяй пра шкоду алкагольных напояў, а таксама перагледзець віды дзейнасці. Таму што праца некаторых ўстаноў не адпавядае таму, на які від дзейнасці ўстанове выдалі ліцэнзію.
На выпраўленне хібаў установам далі адзін месяц, падчас якога будуць праходзіць праверкі.
Частаваць булёнам выпіўшых наведнікаў прапаноўвае доктар-нарколаг
Сябра камісіі загадчык Маладзечанскага псіханеўралагічнага дыспансера Аляксандр Бажко ўнёс свае прапановы, як зменшыць наступствы для наведнікаў, якія знаходзяцца ў стане алкагольнага ап’янення.
– Па-першае, адной інфармацыі пра шкоду алкаголю ў забаўляльных установах мала. Трэба прымаць канкрэтныя меры.
Адной з маіх прапаноў была прапанова дыхаць на выхадзе з бара ці з рэстарана ў алкатэстар.
Аляксандр Бажко сваю прапанову патлумачыў тым, што, як правіла, небяспека для здароўя ў наведнікаў у стане алкагольнага ап’янення ўзнікае не тады, калі ён знаходзіцца ў бары, а хутчэй гэта здараецца па дарозе дамоў.
– Дык вось калі алкатэстар пакажа, напрыклад, два праміле алкаголю ў крыві, то такому чалавеку варта было б устрымацца ад пешага падарожжа дамоў. І ахова клуба ці бара павінна будзе прапанаваць свайму наведніку таксі.
Аляксандр Пятровіч таксама прапанаваў ідэю правесці сярод устаноў горада конкурс на лепшы безалкагольны кактэйль.
– Пагадзіцеся, ці шмат вы бачылі прыгожых безалкагольных кактэйляў у меню кавярняў. А між тым людзі, магчыма, замаўлялі б іх, каб пакаштаваць нешта смачнае, прыгожае і незвычайнае.
І яшчэ адна прапанова тычылася таго, каб папрасіць у меню таго наведніка, што замаўляе алкаголь, бясплатна ўключаць каву, гарбату ці булён. І падаваць іх тады, калі наведнік ужо збярэцца сыходзіць.
– Па-першае, ужыванне гарачых напояў змяншае ступень алкагольнага ап’янення, а па-другое, гэта гарантуе, што нецвярозы наведнік яшчэ затрымаецца ў кавярні на лішнія 20 хвілін.
На ўсё Маладзечна 50-60 чалавек, якім трэба культурны адпачынак
Заснавальнік аднаго з маладзечанскіх бараў Руслан Куракевіч прызнаецца, што ідэі, прапанаваныя Аляксандрам Бажко, не здаюцца яму нейкімі беспадстаўнымі і невыканальнымі.
– Мы за тое, каб людзі прывыкалі да культурнага адпачынку. Таму і ладзім вечарыны, гульні, кінапаказы. На жаль, у Маладзечне я магу налічыць чалавек 50-60, каму гэта насамрэч трэба.
Не так даўно, прызнаецца Руслан, у бары зрабілі спробу адкрыць ранішнюю кавярню, каб у кожнага маладзечанца была магчымасць пачаць раніцу з кубка добрай кавы.
– Аказалася, што і гэта было мала каму трэба.
Але да прапановы дыхаць у алкатэстар Руслан паставіўся скептычна.
– Мне б не хацелася браць на сябе адказнасць за тое, што пакажа гэты прыбор. Ведаеце ж, тэхніка недасканалая. Раптам наведніку падасца, што гэтага мала. Або ў ДАІ, напрыклад, іншыя паказчыкі будуць. Не, не хацелася б за гэта адказваць.
А ўдзельнічаць у конкурсе на лепшы безалкагольны кактэйль або прапанаваць наведнікам кубак чаю – калі ласка. Гэта добрая ідэя.