У выставачнай зале імя Нікадзіма Сілівановіча 23 сакавіка а 16 гадзіне адбудзецца адкрыццё выставы “Летапісная стужка часу: з гісторыі праваслаўных храмаў Вілейшчыны”.

Выстава прысвечана святкаванню ўгодкаў чатырох праваслаўных храмаў, якія адбудуцца на вілейскай зямлі ў 2016 годзе.

Дзве царквы – Кастыцкая Святых Сарака Пакутнікаў Севасційскіх і Латыгальская Свята-Мікалаеўская – маюць больш чым 200-гадовую гісторыю і ўнесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Беларусь як помнікі драўлянага народнага дойлідства. Летапіс царквы Святой Жываначальнай Тройцы ў Даўгінаве і Успенскай царквы ў вёсцы Ручыца налічваюць амаль паўтара стагоддзя.

Сярод экспанатаў наведвальнікі змогуць пабачыць фатаздымкі, абразы, унікальныя дакументы, летапісы і метрычныя кнігі, а таксама розныя царкоўныя рэчы.

Гістарычная даведка

Царква Святых Сарака Пакутнікаў Севасційскіх (в. Кастыкі), пабудавана ў 1756 годзе на сродкі гаспадара маёнтка Міхала Адама Слізня. Старэйшая культавая пабудова ў Вілейскім раёне і адзіная на Беларусі, асвячоная ў імя Сарака Пакутнікаў Севасційскіх. Прастольнае свята 22 сакавіка, у народзе святкуецца як “Сарокі”. Драўляная на каменным падмурку. Да 1839 года царква была ўніяцкай, з 1873 года – прыпісная пры Камень-Спаскай царкве. Зачынена ў 1962 годзе, а ў 1989 годзе святыня зноў вернута вернікам.

За час свайго існавання царква ў в. Кастыкі шмат разоў рамантавалася. Апошні капітальны рамонт адбыўся ў 2015 годзе: заменена вонкавая шалёўка, змайстраваны новы гонтавы дах, заменены вокны і дзверы.

Царква ў імя Свяціцеля Мікалая Цудатворца (в. Латыгаль), пабудавана ў 1771 годзе з дрэва, ў паўночнай частцы вёскі, як уніяцкая па фундацыі графіні Брыгіды Салагуб , замест знішчанай пажарам. Пераасвячона ў 1839 годзе, як праваслаўная. Прастольнае свята 22 мая і 19 снежня.

Царква неаднаразова рамантавалася, нават са зменай у знешнм вобліку, але агульная архітэктурная кампазіцыя захавалася на працягу 245 год.

Помнік народнага дойлідства з рысамі барока.

Царква Святой Жываначальнай Тройцы (Даўгінава), пабудавана ў 1871 годзе у паўднёвай частцы вёскі з цэглы з атынтоўкай. Вакол царквы – агароджа з рознакаляровых валуноў і дробных каменьчыкаў, якія ўтвараюць стракатую, мазаічную муроўку.

Помнік рэтраспектыўна-рускага стылю. Прастольнае свята 17 жніўня.

Царква Успення Прасвятой Багародзіцы (в. Ручыца), пабудавана ў 1881 годзе на месцы драўлянай уніяцкай Петра-Паўлаўскай царквы. Храм кананічнай чатырохчасткавай аб’ёмна-прасторавай кампазіцыі. Царква абнесена бутавай агароджай.

Помнік архітэктуры рэтраспектыўна-рускага стылю. Прастольнае свята 28 жніўня.