На званне птушкі Валожыншчыны змагаюцца:

Чорны бусел. Вялікая чорная птушка з зялёным бляскам і белым жыватом. Дзюба і ногі чырвоныя ў гнездавы перыяд, па-за ім карычневыя. Маладыя без бляска, дзюба і ногі аліўкавыя. Голас: клякоча значна радзей і цішэй, шыпенне і пырханне падобныя на голас белага бусла, акрамя гэтага досыць ціхае “чэ-лі” або “чэ-лін”. Даўжыня цела 88-100 см, размах крылаў 145-210 см. Самка крыху меншая за самца.

Глушэц. Птушка велiчынёй з iндыка, самка значна меншая, мае закруглены на канцы хвост. Маладыя ў ювенільным уборы падобныя да самкi, на пачатку восенi фармiруецца ўбор першай восенi, падобны да дарослага, але ў самцоў крыху святлейшы, з карацейшымi i больш вузкiмi рулявымi.

Палёт даволi цяжкi, пры старце птушка гучна лопае крыламi i пасля таго, як дасягне вышыні верхавін дрэў, з нерухомымi крыламi планiруе ўнiз.

Голас: пад час шлюбнага перыяду не вельмi гучнае такаванне. Складаецца з некалькiх частак: кляпання, каркавання, падобнага на гук пры раптоўным выцягванні корка з бутэлькi, і тачэння – хрыплага, прарэзлiвага, падобнага да тачэння касы. Глушэц такуе на золку, з распушчанымi крыламi спачатку на дрэве, дзе ён начаваў, а потым на зямлi. Самка выдае кароткае кудахтанне “бак-бак, гак-гак”. Даўжыня цела самца 80-110 см, самкi 58-68 см, размах крылаў самца 132 см, самкi 98 см.

На глухарином току... Capercaillie on current ... Source:http://goo.gl/kTCTy

На глухарином току… Capercaillie on current … Source:http://goo.gl/kTCTy

Звычайны зімародак. Невялікі. Зверху бліскуча-блакітны (на сонцы смарагдавы), галава з бакоў і спод цела ржавыя. Дзюба цёмная, ногі чырвоныя. Маладыя больш матавыя. Голас: у палёце пранізлівы свіст “цііт, ційі”, часам паўтараемы некалькі разоў. Даўжыня цела 16-18 см, размах крылаў 24-29 см. Самцы ад самак адрозніваюцца колерам клюва. У самцоў ён цалкам чорны, а у самак частка клюва каля асновы чырвоная.

Малы арлец. Цяжка адрознiць ад вялікага арляца. Ад канюха-мышалова адрознiваецца больш доўгiмi крыламi з шырока растапыранымі махавымi. На надхвосці звычайна адзiночныя белыя пёры. Маладыя з меншай колькасцю светлых плямаў, чым у вялікага арляца, і з iржава-вохрыстага колеру плямай на патылiцы. Голас: гукі разнародныя i параўнальна часта падаюцца. Самец у шлюбным палёце выдае працяглы свiст “уiii”, акрамя гэтага выгукі, якія крыху нагадваюць браханне сабакi — адрывістае “хаў-хаў”. Даўжыня цела 60-65 см, размах крылаў 134-159 см.

Пугач. Самая вялiкая сава, ржава-карычневага колеру, зверху галавы “вушкі” з пер’я. Вочы аранжавыя (не блытаць з вушатай савой). Голас: гучнае, нiзкае “у-ху”, а таксама больш цiхае, гарлавое “у-у”; асцерагаючы крык нагадвае брэх сабакi. Даўжыня цела 60-78 см, размах крылаў 155-188 см. Самка крыху меншая за самца. 

Ініцыятыва “Прыродны сімвал раёна (птушка) як каталізатар развіцця экатурызму на Валожыншчыне” рэалізуецца ў рамках праекта ЕС / ПРААН “Садзейнічанне развіццю на мясцовым узроўні ў Рэспубліцы Беларусь”.

Галасаванне будзе доўжыцца да канца дня 10 красавіка. Аддаць свой голас за птушку можна тут:

Выбіраем птушку Валожынскага раёна разам!