Дзякуючы кіроўцам, якія карыстаюцца мабільнай рацыяй “Зела. Без тармазоў. Маладзечна”, 8-гадовага хлопчыка, які збег з дому, удалося знайсці літаральна за 15 хвілін. 

Гісторыя адбылася ў пятніцу днём. Мама накрычала на сына. Ён пакрыўдзіўся і сказаў, што сыйдзе з бацькоўскага дому. Пакуль маці займалася сваімі справамі, дзіця і сышло.

У рацыю звярнуўся бацька дзіцяці. У паведамленні, якое пакінуў мужчына, ён сказаў пра тое, што згубіўся хлопчык, на выгляд 7-8 гадоў. Быў апрануты ў чорную куртку і шэрыя спартыўныя штаны. Завуць Паша. Просьба да ўсіх, хто яго бачыў, паведаміць.

Адразу да пошукаў далучыліся некалькі чалавек, якія сталі ездзіць па горадзе, шукаць уцекача.

Праз 15 хвілін адзін з карыстальнікаў рацыі запытаўся, ці можа быць у хлопчыка жоўта-зялёны трактар у руках. Бацька хлопчыка адгукнуўся, што гэта 100% ён.

Хлопчыка знайшлі ля магазіна “Водар хлеба”.

Гэту гісторыю “Рэгіянальнай газеце” расказаў карыстальнік рацыі Дзмітры.