Турнір арганізаваны смаргонскай СДЮШАР пад эгідай Еўрапейскай дзіцячай баскетбольнай лігі (EYBL). Фестываль наведаў Прэзідэнт EYBL Іга Зандерс.
Удзел у фестывалі прынялі чатыры каманды: дзве з Смаргоні, мінскі СДЮШАР-Гарызонт і маскоўскае вучылішча Алімпійскага рэзерву імя Гомельскага.
Фота Уладзіміра Амбрасевіча.
Праграма фестывалю складалася са спаборніцтваў па фізічнай і тэхнічнай падрыхтоўцы, конкурсу штрафных кідкоў, гульні “два мячы” і турніру. У ім усе чатыры каманды згулялі адна з адной. Пераможцам турніру стала каманда Смаргонь-1. На другім месцы фінішавалі юныя баскетбалісткі мінскага СДЮШАР-Гарызонта, на трэцім – дзяўчынкі з Масквы.
У абодвух конкурсах перамаглі смаргонскія спартсменкі. Конкурс штрафных кідкоў выйграла Ульяна Караваева, а конкурс “два мячы” – Валерыя Лукашэвіч.
Фота Уладзіміра Амбрасевіча.
Па выніках праграмы фестывалю ў агульным заліку першыя два месцы занялі каманды Смаргонь-1 і Смаргонь-2. Трэцяе месца дасталася мінчанам, а чацвёртае – у гасцей са сталіцы Расіі.
Фота Уладзіміра Амбрасевіча.
На ўрачыстым закрыцці фестывалю пераможцаў і прызёраў фестывалю ўзнагародзілі кубкамі, медалямі і граматамі. Акрамя таго арганізатары падаравалі ўсім удзельнікам памятныя сувеніры і салодкія падарункі.
Іга Зандерс уручыў ўсім удзельніцам падарункі ад лігі і адзначыў спецыяльным прызам дырэктара Смаргонскай СДЮШАР Валерыя Юрчанку за выдатную арганізацыю фестывалю.
Фота Уладзіміра Амбрасевіча.
Уладзімір Амбрасевіч, Смаргонь.
Яшчэ адна медаль ашмянцаў
У мінулым нумары расказалі пра паспяховае выступленне трох юных ашмянцаў на чэмпіянаце Еўропы па класічным паўэрліфцінгу ў эстонскім Тарту.
Тна той момант заставалася на чэмпіянаце выступіць яшчэ аднаму ашмянцу – Аляксандру Вараб’ёву. Ён 10 сакавіка заняў другое месца ў адным з практыкаванняў – жыме штангі лежачы. Па суме трохбор’я быў шостым.
Аляксандр выступаў у дывізіёне “OPEN MEN” у вагавай катэгорыі да 74 кілаграмаў.
“Смаргонь” зноў саступіла 1:2
У чарговым таварыскім матчы 12 сакавіка ФК “Смаргонь” дома прымаў дубль сталічнага “Дынама”. Як і ў мінулай гульні супраць “Ашмян” смаргонцы прайгралі з лікам 1:2.
З-за траўмаў не прынялі ўдзел у матчы Сяргей Крот і Максім Яблонскі.
Ад першых хвілін матчу абедзве каманды пачалі дэманстраваць атакуючы футбол. Але першымі вызначыліся мінчане – на 19 хвіліне.
– Памыліўся галкіпер “Смаргоні” Дзмітры Лапко. Ён адбіў мяч прама на Мікіту Гурэнку, які з метраў дзевяці патрапіў у вароты “Смаргоні”, – паведаміў прэс-аташэ “Смаргоні” Уладзімір Амбрасевіч. – На 38-й хвіліне нашы футбалісты аднавілі раўнавагу. Віталь Ганіч выканаў вуглавой, Раман Пікуль скочыў вышэй абаронцаў мінчан і галавой адправіў мяч у сетку варот.
”Смаргонь” хоць і забіла гол, але прайграла 1:2. Фота Уладзіміра Амбрасевіча.
У пачатку другой паловы матчу госці зноў выйшлі наперад: Глеб Расадкін скарыстаўся няўзгодненасцю дзеянняў варатара і абаронцы смаргонцаў.
Пасля прапушчанага гола ў футбалістаў “Смаргоні” было некалькі момантаў для таго каб зраўняць лік у матчы, але гульцы атакуючай лініі “чырвона-чорных” іх не выкарысталі, дадаў Уладзімір Амбрасевіч.
Камандам з рэгіёна залічылі тэхнічныя паражэнні
У вышэйшай лізе чэмпіянату Гродзенскай вобласці па міні-футболе “Віліі” з Смаргоні залічылі тэхнічнае паражэнне 0:5 за няяўку на матч з лідарам, “Энергіяй” з Зэльвы.
У “Ашмян” таксама тэхнічнае паражэнне 0:5 ад ФСК “Гродзенскі”.
За тур да заканчэння чэмпіянату каманды з рэгіёна – у канцы турнірнай табліцы: “Вілія” апусцілася на пятае месца, “Ашмяны” на апошнім, шостым месцы.
У спісе бамбардзіраў Захар Захарэвіч з “Віліі” на чацвёртым месцы. Ён забіў 22 галы.
У спартакіядзе ў Мядзеле перамагла каманда Нарацкага сельсавета
У Мядзельскім фізкультурна-аздараўленчым цэнтры 12 сакавіка прайшла раённая спартакіяда сярод сельскіх жыхароў.
Прынялі ў ёй удзел дзевяць камандаў. Спаборнічалі яны ў міні-футболе, дартсе, настольным тэнісе, узніманні гіры і стральбе з пнеўматычнай вінтоўкі.
У міні-футболе перамагла каманда Нарацкага сельсавета. У спаборніцтвах па гіравым спорце перамог – Віталь Камянецкі са Свірскага сельсавета, у стральбе з пнеўматычнай вінтоўкі Уладзімір Зелянкевіч (Занарацкі), па дартсе – Уладзімір Дземяшкевіч (Крывіцкі) і Святлана Мычко (Нарацкі), па настольным тэнісе – Руслан Шафіеў (Нарацкі) і Ала Роўда (Сваткаўскі савет).
У агульнакамандным заліку перамаглі прадстаўнікі Нарацкага сельсавета. На другім месцы – каманда Занарацкага, на трэцім – Свірскага сельсавета.
Пра гэта паведаміў намеснік начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму Мядзельскага райвыканкама Леанід Шыдлоўскі.
Вырвалі перамогу за 40 секундаў да канца матчу
Матчы восьмага тура чэмпіянату раёна па міні-футболе пачаліся 9 сакавіка.
Драматычнай выдалася канцоўка гульні паміж камандамі райвыканкама і “ІП Мядзел”.
– У другім тайме “ІП Мядзел” зраўняў лік 3:3. Заставалася 40 секундаў да канца матчу, і гулец каманды райвыканкама забівае гол. У выніку 4:3 на іх карысць, – расказаў інструктар фізкультурна-аздараўленчага цэнтра Кірыл Сенеў.
Камандзе аддзела адукацыі, спорту і турызму залічылі тэхнічнае паражэнне 0:5 ад “Зубраня”. “Зубраня” – адзіная каманда, якая выйграла ўсе свае матчы.
“Спадарожнік” 11 сакавіка перайграў каманду Крывіцкага спецПТВ №3 закрытага тыпу 7: 1 , ”Юніян Нарач” прайграў “Сілавіку” 3:7.
У апошнім туры вызначацца ўсе каманды, якія далей разыграюць медалі.