У гістарычнай майстэрні, што носіць імя Леаніда Левіна, 17 сакавіка адкрылася выстава “Вайна і каханне”.

“Вайна і каханне” – гэта гісторыя кахання бацькоў архітэктара, якая прасочваецца ў іх ваенных лістах, фотаздымках, паштоўках.

Бацькі Леаніда Левіна

Бацькі Леаніда Левіна

– Імя Леаніда Левіна, –  сказала галоўны спецыяліст упраўлення ўстаноў культуры і народнай творчасці Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь Людміла Лебедзь, – даўно стала для беларускай культуры імем намінальным. І калі б не было ў беларускай архітэктуры Левіна, гэта азначала б толькі адно, – у культуры Беларусі з’явіўся б агромністы пралом.

На выставе на адным са стэндаў прадстаўленыя самыя знакавыя працы архітэктара. Сярод іх – маладзечанскі “Шталаг342”. Акрамя таго, Леанід Левін з’яўляецца аўтарам мемарыяльнага комплексу “Хатынь”, помніка дзецям, якія загінулі ў гады вайны. Помнік усталяваны ў вёсцы Чырвоны Бераг у Жлобінскім раёне. Левін – аўтар шэрагу помнікаў у Мінску. Леанід Левін праектаваў станцыі метро “Няміга” і “Плошча Леніна”. Яго аўтарству належаць помнікі Янку Купалу і Якубу Коласу.

– Усе яго працы аб’ядноўвае адно, – падкрэсліла Людміла Лебедзь, – побач з невыказаным трагізмам крочыць надзея.

У пацвярджэнне слоў Людмілы Лебедзь дастаткова ўспомніць і праект мемарыялу “Шталаг342”, дзе краты, якімі закрытае неба, абрываюцца, даючы надзею на вызваленне, свабоду.

У інтэрв’ю “Рэгіянальнай газеце” Людміла Лебедзь расказала, што цяпер яна абмяркоўвае з дачкой Леаніда Левіна Галінай стварэнне экскурсійнага маршруту па помніках і мемарыялах аўтарства Леаніда Левіна. Калі маршрут будзе складзены, Маладзечна абавязкова ўвойдзе ў яго.

На ўрачыстым адкрыцці выставы прысутнічала дачка Галіна і ўдава Леаніда Левіна Наталля, Алон Шохам, часовы павераны ў справах Дзяржавы Ізраіль у Беларусі, Артур Зельскі, дырэктар мемарыяльнага комплексу “Хатынь”, Петэр Юнге-Вентруп, дырэктар IBB – Dortmund, Віктар Балакіраў, старшыня дырэкцыі Мінскага міжнароднага адукацыйнага цэнтра імя Ёханаса Раў і многія іншыя.

Алон Шохам, часовы павераны ў справах Дзяржавы Ізраіль у Беларусі

Алон Шохам, часовы павераны ў справах Дзяржавы Ізраіль у Беларусі

Артур Зельскі, дырэктар мемарыяльнага комплексу “Хатынь”

Артур Зельскі, дырэктар мемарыяльнага комплексу “Хатынь”

Кожны з тых, хто выступаў з прывітальным словам, гаварыў пра Леаніда Левіна, як пра чалавека невычэрпнай дабрыні, пра тое, што ён пакінуў нам у спадчыну свае праекты, чарцяжы, а значыць, справа Леаніда Левіна працягвае жыць. Петэр Юнге-Вентруп падкрэсліў, што на першым месцы сярод іншых справаў стаіць задача завяршыць будаўніцтва мемарыяльнага комплексу “Трасцянец”.

Закончылася імпрэза паказам фрагмента фільма пра Леаніда Левіна “Вайна і каханне”.

На жаль, прысутным паказалі толькі невялікі фрагмент фільма, які здымаўся яшчэ пры жыцці Леаніда Левіна.

Злева направа: Віктар Балакіраў, старшыня дырэкцыі Мінскага міжнароднага адукацыйнага цэнтра імя Ёханаса Раў, Петэр Юнге-Вентруп, дырэктар IBB - Dortmund, Галіна Левіна, Наталля Левіна, Кузьма Козак

Злева направа: Віктар Балакіраў, старшыня дырэкцыі Мінскага міжнароднага адукацыйнага цэнтра імя Ёханаса Раў, Петэр Юнге-Вентруп, дырэктар IBB – Dortmund, Галіна Левіна, Наталля Левіна, Кузьма Козак

Супрацоўніца гістарычнай майстэрні Антаніна Чумакова расказала, што гэты фільм толькі аднойчы быў паказы па тэлебачанні і наступная магчымасць убачыць фільм цалкам, а таксама сустрэцца з яго аўтарамі Вольгай Дашук і Уладзімірам Марозам будзе 31 сакавіка ў 15:00 у гістарычнай майстэрні.

Тут можна будзе паглядзець і выставу. Яна будзе працаваць да канца года.

Гістарычная майстэрня імя Леаніда Левіна месціцца па вуліцы Сухой , 25. І працуе яна ад панядзелка да пятніцы з 10:00 да 16:30. Уваход вольны.