Дэкада “Дзяржтэхагляд” пройдзе ў рэспубліцы з 21 па 30 сакавіка. У склад рэйдавых груп увойдуць супрацоўнікі УП “Белтэхагляд” і Транспартнай інспекцыі Мінтранса, а таксама ДАІ.

У першую чаргу будуць спыняць транспарт без дазвольнай наклейкі на ветравым шкле.

Калі вы ездзіце без тэхагляду, рыхтуйцеся да штрафу ад адной да трох базавых велічынь пры першым на працягу года парушэнні і ад двух да пяці – пры паўторным.

Асаблівую ўвагу сёлета надаюць праверцы сапраўднасці адзнак у дакументах. За падробку або выкарыстанне падробленых дакументаў, штампаў, пячатак прадугледжаная крымінальная адказнасць аж да пазбаўлення волі.

“На жаль, колькасць падробных адзнак узрастае, – кажа начальнік упраўлення арганізацыі дзяржтэхагляду УП “Белтэхагляд” Яўген Карповіч. – На час сумесных праверак будзе арганізаваны аператыўны доступ інспектараў ДАІ да нашых электронных баз. Потым яго адключаць, але супрацоўнікі ДАІ змогуць аператыўна атрымаць неабходную інфармацыю ад нашых дзяжурных спецыялістаў па тэлефоне”.

Яўген Карповіч распавёў, што ўжо вядзецца праца па арганізацыі пастаяннага доступу ўсіх супрацоўнікаў МУС да базы УП “Белтэхагляд”.

– Мы ўжо закупілі неабходнае абсталяванне, серверы. Праца будзе завершаная калі не ў гэтым годзе, то ў наступным – дакладна.