У мінскай кнігарні “Галіяфы” 21 сакавіка ў 17:00 адбудзецца прэзентацыя кнігі Майсея Кульбака. Падзея прымеркаваная да 120-годдзя з дня нараджэння гэтага яўрэйскага пісьменніка, драматурга і перакладчыка, які нарадзіўся ў Смаргоні. Уваход вольны.

Як распавяла арт-дырэктарка “Галіфаў” Алеся Птушка, кнігу “Eybik/Вечна” Майсея Кульбака выдалі сёлета на дзвюх мовах. У ёй змешчаныя вершы на ідыш і ў перакладзе на беларускую мову. Некаторыя з іх друкаваліся раней, некаторыя публікуюцца ўпершыню.

Значную частку вершаў перакладаў беларускі паэт і перакладчык Андрэй Хадановіч.

У кнізе таксама змешчаныя фотаздымкі з архіва, успаміны сучаснікаў пра аўтара, біяграфічныя дадзеныя пра асобу Кульбака.

Прэзентаваць кнігу на імпрэзе будзе галоўны натхняльнік і ініцыятар яе выдання Вольф Рубінчык. На сустрэчу таксама запрошаныя Андрэй Хадановіч, які прачытае некалькі перакладзеных ім вершаў з кнігі, беларускі пісьменнік Васіль Жуковіч. Таксама рэстаўратар і даследчык яўрэйскай архітэктурнай спадчыны ў Беларусі Алесь Астравух, які рабіў ілюстрацыі да папярэдніх кніг Кульбака. Гэтыя малюнкі на прэзентацыі можна будзе пабачыць у арыгінале.

Пра асобу Кульбака

Майсей Саламонавіч Кульбак нарадзіўся ў Смаргоні 20 альбо 25 сакавіка 1896 года. Вучыўся ў Валожынскім ешыбоце (1909–1914). Здаў экстэрнам экзамен на званне настаўніка і працаваў у школах і гімназіях Смаргоні, Мінска, Вільні.

У 1920–1927 гадах жыў у Вільні, у 1928 годзе вярнуўся ў Мінск. Працаваў у рэдакцыях рэспубліканскіх газет, у АН БССР.

11 верасня 1937 года быў арыштаваны. 28 кастрычніка 1937 года асуджаны Ваеннай калегіяй Вярхоўнага суда СССР. Расстраляны 29 кастрычніка 1937 года. Рэабілітаваны 15 снежня 1956 года.

Пачаў друкавацца ў1916 г. Пісаў на мове ідыш. Аўтар зборнікаў “Вершы”, “Новыя вершы”, “Паэмы і вершы”, раманаў “Месія сын Эфроіма”, “Панядзелак”.

Творы пісьменніка ў 1929 годзе выдадзеныя ў Вільні ў трох тамах. У Мінску выйшлі “Вершы і паэмы”, раман “Зельманцы”, паэма “Дзісенскі Чайльд Гарольд”, “Выбранае”, у Маскве – “Чалавек добры”. Для дзяцей напісаў казку “Вецер, што быў сярдзіты”.

Аўтар драмы “Якаў Франк”, п’ес “Разбойнік Бойтра”, “Беньямін Магідаў”.

Пераклаў на мову ідыш паасобныя вершы Купалы, Коласа, п’есу Гогаля “Рэвізор”, раман Астроўскага “Як гартавалася сталь”.