Ніколі не ўгадаеш, пашанцуе ці не з фірмай, у якой замаўляеш дзверы, столь ці вокны. Можна шчасліва пражыць з новай пакупкай 20 гадоў, а можна не адзін год дамагацца, каб фірма выправіла ўсе хібы іх “самай лепшай і надзейнай” прадукцыі, як звычайна пішуць у прапановах.

Маладзечанка Валянціна Жураўская знайшла ў сваёй паштовай скрыні рэкламную лістоўку фірмы, якая прадае вокны. Жанчына якраз збіралася памяняць іх на сваім лецішчы. Яна патэлефанавала па ўказаным нумары, і ёй падрабязна распавялі ўмовы дамовы.

Спачатку на дом прыехаў замершчык, пасля фірма зрабіла эскіз вокнаў, і жанчына ўнесла частку грошай. Згодна з дамовай, аплата 23-х мільёнаў, у якія ўваходзілі і кошт вокнаў, і іх ўстаноўка, мусіла адбывацца ў растэрміноўку.

Калі спецыялісты прыехалі мяняць вокны, адно з шасці ўставіць не паспелі, бо да гэтага часу на вуліцы сцямнела. Дамовіліся, што прыедуць на наступны дзень скончыць працу.

– Колькі слёз выліла з гэтымі вокнамі! – кажа Валянціна Васільеўна. – Мужа ў бальніцу адвезла праз усё гэта, бо яму хвалявацца нельга было. Гэта ж не капейкі – вокны памяняць. Прыехалі ўстаўляць – адкосы павымалі, сталі сцены рэзаць, каб вокны ўлезлі. Сышлі – у доме па калена смецця.

Некалькі месяцаў мінула, але ніхто да Валянціны так і не прыехаў, і няўстаўленае акно стаіць дагэтуль.

– Першы раз пазваніла ў фірму, паскардзілася на вільгаць, холад, а мне адказалі, што гэта нармальна, трэба толькі печ прапаліць, прагрэць дом. Праз некалькі дзён мароз пайшоў – на падваконні пад гэтымі новымі вокнамі лёд стаіць! Я зноў званю, а мне ў адказ: “А што, гэта я вам вокны ставіў? Ды калі б я такія грошы заплаціў і мне так зрабілі, я не ведаю, што б рабіў!” Я падумала, што нумар пераблытала, папрасіла ўнука праверыць. Аказалася, той жа. Зноў званю – ужо не адказваюць, – абураецца маладзечанка.

Жанчына напісала прэтэнзію, у якой патрабавала ліквідаваць недахопы ці вярнуць грошы, але ўсё безвынікова. Прэтэнзія, адпраўленая па пошце, вярнулася назад.

– Дом парэзалі, ён пачаў даваць усадку, не ведаю, што цяпер рабіць. Раней, калі драўляныя вокны стаялі, у доме было да 20 градусаў цяпла. Цяпер жа складана нагрэць і да 15 градусаў. Вокны коўдрай завешваю, каб не дзьмула, – кажа Валянціна Васільеўна.

Маладзечанка звярнулася ў гарадское таварыства абароны правоў спажыўцоў.

Кацярына Балашова.

Кацярына Балашова.

– Мы паглядзелі дамову, а ў ёй ні слова не сказана пра тое, што вокны павінны былі ўстаўляць, – кажа загадчыца юрыдычнага аддзела грамадскага аб’яднання Кацярына Балашова. – Значыць, па гэтым пункце няма чаго ад арганізацыі патрабаваць, бо дамова падпісаная. Іншая справа, што чыталася яна няўважліва, бо ў ёй мусіць быць прапісана ўсё, што з кліентам прагаворана вусна.

Але ўстаноўка апынулася не адзіным мінусам набытых вокнаў.

– Па-першае, на шкле ёсць драпіны. Па-другое, вокны прамярзаюць. Унутры збіраецца кандэнсат і з’яўляюцца ўзоры, як раней у вясковых хатах, чаго ў сучасных вокнах быць не павінна, – працягвае Кацярына Балашова. – За акном мінус 25 градусаў, а ў доме – мінус 11. Печ паляць, а цяпла няма. Стала яшчэ горш, чым было. Таму мы склалі і накіравалі ў арганізацыю прэтэнзію па якасці вырабу. У выпадку, калі выраб неналежнай якасці, вытворца мусіць вярнуць спажыўцу і страты, звязаныя з яго ўстаноўкай.

Калі прэтэнзія вернецца назад ці калі арганізацыя адмовіць задаволіць патрабаванні кліента, гэта стане падставай для таго, каб ісці ў суд. У судзе ж можна будзе патрабаваць таксама няў­стойку за парушэнне тэрмінаў вяртання грошай. Па Законе аб абароне правоў спажыўцоў, гэта 1 працэнт за кожны дзень пратэрміноўкі. У судзе можна гаварыць і пра кампенсацыю маральнай шкоды.

Пакуль што невядома, ці атрымаецца вырашыць канфлікт у дасудовым парадку. Чым скончыцца гэта справа, мы распавядзём на старонках газеты. Але для Валянціны Жураўскай важна, каб іншыя не траплялі ў такія пасткі. Будзьце пільныя і ўважліва чытайце дамовы. Асабліва тое, што напісана дробным шрыфтам.

Офіс гарадскога таварыства абароны правоў спажыўцоў месціцца ў Мала­дзечне па адрасе: вул. Віленская, 12, каб. 23. Графік працы: пн-пт 9:00-18:00, абед 13:00-14:00; сб 11:00-15:00. Тэлефон бясплатнай гарачай лініі: 8-0176-50-41-43 альбо 8-029-764-24-07.