Цяпер ідзе набор курсантаў на ўдзел у летніку-семінары. Такое мерапрыемства – адзінае падобнага роду ў Беларусі.

У межах летніка цягам 10 дзён ўдзельнікі з усіх рэгіёнаў краіны вучацца самастойна жыць у інваліднай калясцы і ў соцыуме.

Навучанне праводзяць інструктары асацыяцыі інвалідаў-вазочнікаў, якія таксама перасоўваюцца ў інвалідных вазках.

Самая асноўная задача для арганізатараў – дастукацца да тых інвалідаў, якія  сядзяць дома і не жадаюць нікуды выходзіць. Завабіць іх удзельнічаць у летніку сапраўды нялёгка.

Таму мы імкнёмся як мага больш распаўсюдзіць нашу аб’яву аб наборы ў летнік, каб сваякі, сябры і знаёмыя інвалідаў-вазочнікаў заахвоцілі іх удзельнічаць.

Летнік актыўнай рэабілітацыі пройдзе ад 25 чэрвеня да 5 ліпеня на базе Палескага ўніверсітэта ў Пінску Брэсцкай вобласці.

Удзел у мерапрыемстве, у тым ліку пражыванне і харчаванне – бясплатныя! Кожны з удзельнікаў атрымае неабходныя веды і навыкі самастойнага жыцця ў інваліднай калясцы: як кіраваць вазком, як займацца фізкультурай і спортам. Атрымаюць таксама асноўныя юрыдычныя веды і навыкі самаабслугоўвання.

Акрамя гэтага ўдзельнікі на свае вочы ўбачаць станоўчыя прыклады паўнавартаснага жыцця ў вазку. Цягам усяго летніка будуць жыць побач і гутарыць з  паралімпійскімі чэмпіёнамі, бізнесменамі-інвалідамі, з людзьмі, якія, нягледзячы на вазок стварылі сем’і і нарадзілі дзяцей, атрымалі адукацыю і маюць добрую працу.

Адабраныя ўдзельнікі, якія не атрымлівалі раней інвалідную калыску актыўнага тыпу, атрымаюць яе падчас летніка-семінара!

Атрыманыя веды і ўменні стымулююць удзельнікаў летніка-семінара пераацаніць жыццёвыя каштоўнасці і стаць на актыўную пазіцыю, весці паўнавартасны і незалежны лад жыцця.

Для ўдзелу ў летніку-семінары неабходна запоўніць анкету на сайце raik.by і даслаць яе на электронную пошту: inna.digilevich@gmail.com або па факсе (017) 3921189.

Вітаецца дадатак да анкеты – сваё фота. Калі няма выхаду ў інтэрнэт, то анкету можна запоўніць вусна па тэлефоне (8017) 392-11-89, (8029) 109-17-69.

Удзел у летніку бясплатны. У летнік-семінар абяруць 30 удзельнікаў.

Летнік арганізоўвае рэспубліканская асацыяцыя інвалідаў-вазочнікаў пры падтрымцы Міністэрства спорту і турызму і Міністэрства працы і сацыяльнай абароны.