20 сакавіка ў Вязынцы адбылося традыцыйнае свята гукання вясны. 

Снег, які выпаў напярэдадні, здавалася б, мог спужаць патэнцыйных наведнікаў Вязынкі, але сонца і лёгкі марозік у нядзелю надалі ўпэўненасці, што вясну гукаць трэба, бо сёлета яна затрымалася.

У гадзіну дня над Вязынкай разнёсся шматгалосы спеў – гэта дзяўчаты са Студэнцкага этнаграфічнага таварыства спявалі веснавыя гукальныя песні.

Людзей сабралася багата. Пасля спеваў – вялікі карагод, які вадзілі ўсе ахвотныя. Затым гульні, спевы, танцы…

У адрозненне ад мінулага года, як мы заўважылі, сёлета было значна менш прадаўцоў хэнд-мэйд вырабаў. А ў тых, што былі, цэны “кусаліся”.

За маленькі ровар з дроту і нітак прасілі 150 000 рублёў.

Затое розных дамашніх напояў было на любы густ. Тут частававлі і гарбатай, і дамашнім квасам, і збітнем, і медавухай. Асабліва галодным прапаноўвалі боршч у вялікіх пластыкавых кубках.

Шматлікія наведнікі прыязджалі цэлымі сем’ямі, школьнікі прыязджалі ўсім класам.

Той, хто быў упершыню, не ўпусціў магчымасць наведаць музей Янкі Купалы. Уваходны білет каштаваў сёлета 30 000 рублёў.