Яшчэ адно пытанне ад чытача Сяргея з Маладзечна: “Чаму б вам не надрукаваць, колькі беспрацоўных у горадзе і раёне?”

Зараз пазнаёмім са статыстыкай. Прытым, па ўсім рэгіёне – так што, зможаце параўнаць, як выглядае Маладзечанскі ў шэрагу іншых раёнаў.

У гэтым дапаможа інфармацыя галоўных статыстычных ўпраўленняў Мінскай і Гродзенскай абласцей. Лічбы прыводзяцца  папярэднія на канец студзеня.

Па афіцыйнай статыстыцы ў сумных лідарах у рэгіёне па беспрацоўю  – Маладзечанскі раён. Тут узровень зарэгістраванага беспрацоўя склаў 2,2% (1371 беспрацоўны). У Вілейскім раёне ён таксама высокі – 1,7% (331 чалавек).

Найніжэйшы ўзровень беспрацоўя – у Астравецкім раёне (0,4%), там усяго 42 беспрацоўных. У Валожынскім гэты паказчык складае 0,6% (працу шукаюць 94 чалавекі).

За год колькасць беспрацоўных найбольш вырасла ў Смаргонскім раёне – амаль у 2,7 раза ў параўнанні з леташнім студзенем. У Вілейскім раёне колькасць людзей, якія шукаюць працу, павялічылася ў 2,6 раза.  

Зноў жа са станоўчага боку выглядае Астравецкі раён. Тут зарэгістраваных беспрацоўных за год пабольшала зусім крыху – рост усяго на 5%. У Мядзельскім раёне іх колькасць вырасла ў паўтара раза.

Дэталёва пабачыць розныя паказчыкі, што датычаць беспрацоўя па кожным раёне, можаце на інфаграфіцы.