На свяце “Містэр Талент-2016”, якое арганізаваў  маладзечанскі цэнтр творчасці “ Маладзік ”, галоўная роля адводзілася татам. 

Конкурс адбыўся ў рамках праекта “Калідорныя дзеці”.

Пра тое, як прайшоў конкурс, распавяла кіраўніца тэатральнай студыі “Казка” Галіна Іванькіна.

“Калі мне дарадца патрэбны, тата вельмі дальнабачны,

Ён практычны, дасціпны і да таго ж мужчына бачны”, – распавяла пра свайго бацьку Валера  Ластоўскага ў конкурсе “Знаёмства” дачка Мілана.

А Дар’я Мілашэвіч разам з братам Даніілам прадставілі тату Віктара Мілашэвіча наступным чынам:

Мне тата прыносіць цацкі, цукеркі,

Але тату люблю я зусім не за гэта.

Вясёлыя песні ён мне напявае,

Нам сумна ўдваіх ніколі не бывае!

Ён у паходы з намі ходзіць,

Час для нас заўжды знаходзіць,

Самы спрытны, самы смелы.

Ён спартыўны і умелы.

Пра сваіх  тат Сяргея Дзяржаўнага, Андрэя Абрамовіча, Віталя Круплевіча распавялі іх сыны Аляксей, Кірыл і Данііл. Кожны з іх падкрэсліваў, што іх тата – майстра на ўсе рукі і што лепшага таты ў свеце няма.

У конкурсе “Я і мой тата” дзецям і татам прапанавалі даведацца, наколькі добра яны ведаюць адзін аднаго.  Адное і тое ж пытанне задавалася  і тым, і тым. У гэтым конкурсе таты і іх дзеці даведаліся, што больш за ўсё таты любяць праводзіць час  на рыбалцы, у лесе, збіраючы грыбы, глядзець па тэлевізары футбол, хакей.

Любімае адзенне і ў дзяцей, і ў тат – джынсы. А на абед і тыя, і тыя любяць есці пюрэ з катлетай і… сала.

А самае страшнае пакаранне, якога баяцца дзеці ад таты – гэта зусім не рэмень, а адключэнне камп’ютара.

Але на пытанне вядучай, каб дзецям прапанавалі выбраць дзень з татам, або дзень за камп’ютарам, усе выбралі першы варыянт – правесці цэлы дзень з татам.

Наступны конкурс быў “Тата – кухар”. У ім яны адказвалі па білеціку на пытанні па веданні кулінарыі. Гэта і пытанні пра тое, якія бываюць салаты і як іх рыхтаваць, як прыгатаваць варэнікі, як правільна адварыць сасіскі, і іншыя. Вядома, усе справіліся з гэтым заданнем на “выдатна”.

Конкурс “Умелыя рукі” быў хатнім заданнем. Таты павінны былі прынесці на конкурс працу, зробленую сваімі рукамі.

Тут вызначыўся тата Сяргей Дзяржаўны, які рэканструяваў старадаўнія гадзіннікі, абсталяваўшы іх арыгінальнай падсветкай, а тата Віктар Мілашэвіч, які прадставіў сталярную працу “дыназаўрыка”.

Завяршальным этапам конкурсу “Містэр Талент-2016”быў конкурс “Хвіліна славы”, дзе таты павінны былі ўдзельнічаць разам з іх сем’ямі з арыгінальным нумарам.

Перад гэтым конкурсам на ўра прайшло бліц-апытанне на ўменне чытаць хуткамоўкі.  

А лепшым выступленнем у конкурсе “Хвіліна славы” стала выступленне Сяргея Дзяржаўнага з сынам Аляксеем, дзе яны паказалі ўрывак з казкі Леаніда Філатава “Пра Фядота-Стральца”.

У выніку “Містэрам Талент-2016” стаў Сяргей Дзяржаўны разам з сынам Аляксеем. На другім месцы – Віктар Мілашэвіч, на трэцім – Валера Ластоўскі.

Скончылася  свята “салодкім сталом”, арганізаваным СШ №5. Праходзіў ён на базе інтэрната па вуліцы Замкавай, 21.