– Наташа, куды пайшла? – Я не помню, куды іду! – так дзяўчаты з калектыву мажарэтак рэпеціруюць свой першы выхад з духавым аркестрам Маладзечанскай дзіцячай школы мастацтваў, які адбудзецца 9 красавіка.

Сёння ў калектыве задзейнічаныя восем дзяўчат. І ўсе яны – выкладчыцы музычнай школы.

Кіруе мажарэткамі харэограф Яўген Завадскі.

– Шчыра прызнацца, для мяне гэта новы досвед, – расказвае Яўген. – Мажарэткі – гэта не толькі харэаграфія. Яны, як вы ведаеце, суправаджаюць духавы аркестр. А вось як зрабіць так, каб яны былі не толькі ценем аркестра, а дзяўчатамі, ад якіх захоплівае дух, гэта, мабыць, і ёсць самая складаная задача.

Заняткі праходзяць два разы на тыдзень, доўжацца яны паўтары гадзіны.

– Мне пашанцавала ў тым, што ўсе дзяўчаты з музычным слыхам, таму ім не трэба расказваць, што такое трымаць рытм. Але складанасці, вядома, ёсць.

Мажарэткі выступаюць з жэзламі, іх яшчэ называюць мажорамі. А маршыраваць з пабочнымі прадметамі, канешне, больш складана. У маладзечанскіх мажарэтак пакуль няма ні жэзлаў, ні касцюмаў. Яны ў стадыі стварэння.

– Мы пакуль адпрацоўваем музычны нумар на тры хвіліны. А ёсць жа і такія, якія доў­жацца па 10 хвілін. Гэта калі аркестр выконвае папуры.

Яўген прызнаецца, што ў сваёй працы не давярае ролікам з інтэрнэту.

– Мне больш цікава прыдумаць нешта самому, таму мае мажарэткі, хочацца верыць, будуць у чымсьці ўнікальнымі і не падобнымі да іншых.

Цяперашняя група мажарэтак – эксперыментальная. У Мала­дзечне нічога падобнага раней не было. Калі эксперымент атрымаецца, то з новага навучальнага года ў групу будуць набіраць дзяўчат. Асноўныя патрабаванні да кандыдатак у мажарэткі – рост ад 160 сантыметраў і прывабная знешнасць.

– Хаця аркестр і галоўны, але дзяўчаты павінны быць такімі прыгожымі, каб ад іх не адвесці вачэй было, – лічыць Яўген Завадскі.

Рэпетыцыя пачынаецца ў 19:30.

– Для нас гэта разгрузка пасля цяжкага працоўнага дня, замена фітнесу, – кажуць дзяўчаты-ўдзельніцы калектыву. – Гэта адна рэпетыцыя, а другая пачынаецца ў восем раніцы. Тады гэта зарад на ўвесь працоўны дзень. Адным словам, заняткі ідуць толькі на карысць, як не круці.

Даведка “РГ”: Мажарэткі – памочніцы тамбурмажора, галоўнага бубнача. Дзяўчаты ў ваеннай або падобнай форме, удзельніцы парадаў. Найбольш часта гэта дзяўчаты ў кароткіх спадніцах, у касцюме, які нагадвае ваенную форму з галунамі і ўпрыгожваннямі (даламанамі), у боціках. Мажарэткі носяць на галаве ківер са страусавымі пёрамі, у руках жэзлы або барабаны. Яны звычайна ідуць з ваенным аркестрам і адбіваюць рытм.