“Слухаю навіны з самай раніцы. Ад самай раніцы ўсе на нервах”, – паведамляла знаёмая “РГ”, ураджэнка нашага рэгіёна, 22 сакавіка.

Дачка нашай суразмоўцы якраз раніцай у аўторак была на курсах англійскай мовы, якія праходзілі проста каля станцыі метро Мальбек. Пасля выбуху вуліцы зачысцілі, таму дзяўчына некалькі гадзін была “блакіраваная” ў адной з сябровак, якая жыве каля школы.

Малодшая дачка ехала на цягніку, які спыніўся на пад’ездзе да горада. Грамадскі транспартны рух у аўторак цалкам спынілі, таму па яе ехалі на машыне.

Пра інфармацыю, якую некалькі гадзін у аўторак транслявалі некаторыя СМІ пра датычнасць да арганізацыі тэракта беларусаў, яна не ведала. “Тут пра гэта не гавораць, упершыню чую ад вас”, – адказала суразмоўца “РГ”.

Яна назвала такую версію нечаканай і адзначыла, што “ідзе следства, дадзім магчымасць спецыялістам рабіць іх працу”.

Пра датычнасць беларусаў адказаў КДБ

У аўторак вечарам беларускі КДБ пракаментаваў тэлеканалу “Беларусь 1” версію аб датычнасці беларускіх грамадзян да тэракту ў Бельгіі. Начальнік прэс-службы Дзмітры Пабяржын адказаў, што адзін з братоў, якім прыпісвалі злачынства, 22 сакавіка быў у Гомелі. Што тычыцца двух іншых фігурантаў, якія ў аўторак не былі ў Беларусі, праверку іх датычнасці беларускі КДБ прапануе адрасаваць бельгійскім калегам.

У сераду бельгійскія СМІ абвясцілі пра іншых трох асоб, якіх падазраюць у тэракце. Двух з іх лічаць смяротнікамі.

Тэракт у Бельгіі – больш за 30 загінулых

Як паведамляла БелаПАН, раніцай у аўторак, 22 сакавіка, у брусэльскім аэрапорце Завентэм у зале вылетаў адбыліся два выбухі. Пасля стала вядома аб выбуху ў метро на станцыі Мальбек. Яна размешчаная каля “еўраквартала” – у раёне будынкаў Еўракамісіі і Савета ЕС.

Па стане на сераду, 23 сакавіка, вядома пра 31 загінулага і 270 параненых у выніку выбухаў.

У Брусэлі ўвялі чацверты, найвышэйшы ўзровень тэрарыстычнай пагрозы. Адказнасць за выбухі на сябе ўзяла групоўка “Ісламская дзяржава”.

У Бельгіі была абвешчаная трохдзённая жалоба.