У канферэнц-залу бібліятэкі “Верасок” зайшоў ён… І зала ўстала.
Пад апладысменты, павольна, парог пераступіў госць курсаў “Мова Нанова”… Міхась Канстанцінавіч Міцкевіч, сын Якуба Коласа, зяць Янкі Маўра.
У Маладзечна ён завітаў, вядома, не адзін. Міхася Канстанцінавіча суправаджала яго дачка, Марыя.
Марыя Міхайлаўна Міцкевіч, унучка Янкі Маўра і дачка Міхася Міцкевіча.
У гэты дзень сын Якуба Коласа больш расказваў пра свайго цесця, Янку Маўра.
Нагодай для расповеду стала прэзентацыя кнігі жонкі Міхася Міцкевіча Наталлі Міцкевіч: “Доўгая дарога ад дома Янкі Маўра да дома Якуба Коласа”.
Пра жыццёвыя гісторыі, якія здараліся ў сям’і класікаў беларускай літаратуры і якія ўвайшлі ў кнігу ўспамінаў жонкі Міхася Міцкевіча, і расказваў наш госць.
Янка Маўр заахвочваў сваіх дзяцей да чытання марожаным. Даваў грошы на марожанае толькі пасля таго, як маленькая Наталля прачытае 15 старонак якой-небудзь кнігі і затым перакажа яе бацьку.
– Дзядуля і мне не аддаваў так проста маркі з канвертаў, якія прыходзілі да яго з усяго свету, – далучаецца да ўспамінаў Марыя Міхайлаўна. Янка Маўр быў вядомым эсперантыстам і вёў перапіску з многімі эсперантыстамі свету. Але калі я хацела атрымаць марку, дзядуля казаў, што аддасць яе толькі пры ўмове, што я буду ведаць нешта пра тую краіну, адкуль прыйшоў ліст.
А запаветнай марай у Янкі Маўра была мара аб’ехаць усе рэкі свету. Нават зрабіў сабе сшытак для запісаў, які не прамакае.
Расказваў Міхась Міцкевіч і пра сваё знаёмства з жонкай. Наталля вучылася ў Маскоўскім авіяцыйным інстытуце. А пропуск аднойчы забылася дома, калі прыязджала на канікулы. Ведалі, што Міхась паедзе ў Маскву, папрасілі перадаць.
– Прыйшоў у аўдыторыю, пытаюся, дзе тут Фёдарава. Выходзіць маленькая, худзенькая дзяўчынка. А я ёй па маладосці кажу: “А на фотаздымку ты прыгажэйшая”. На фотаздымку круглая, поўная. Ну, а потым сталі сустракацца.
Неяк Міхась Міцкевіч пажартаваў над бацькамі. Папрасіў Наталлю сказаць свайму бацьку, Янку Маўру, каб павіншаваў Коласа з тым, што яго сын жэніцца. А сам папрасіў Якуба Коласа павіншаваць Янку Маўра з тым, што яго дачка выходзіць замуж.
Янка Маўр выпытаў у Наталлі, што яна сабралася замуж за Міхася, а Колас ні пра што не здагадваўся.
І вось калі Янка Маўр пры сустрэчы запытаўся ў Коласа, што будзем рабіць з дзецьмі, Колас адказаў: “Твае дзеці, што хочаш, тое і рабі”.
Янка Маўр вярнуўся дадому, расказаў сваёй жонцы пра гэта, тая ў плач: “Колас не хоча, каб нашыя сем’і парадніліся”.
Мы ўсе памятаем, з якім пачуццём гумару Якуб Колас пісаў свае творы. Дастаткова прыгадаць, напрыклад, урывак пра “Дзядзьку ў Вільні” з паэмы “Новая зямля”.
Яшчэ Якуб Колас пісаў выдатныя эпіграмы на ўсе выпадкі жыцця.
Чаго вартая толькі гэта, прызнанне ў каханні ўласнаму носу:
Мой нос – вяшчун даўно вядомы.
Калі ён зранку засвярбіць.
Дык так і ведай, мой каханы,
Што ўвечары ты будзеш п’яны.
Дык як жа нос мне не любіць?
Але і сам Міхась Міцкевіч у пачуцці гумару не саступаў свайму знакамітаму бацьку.
Расказвае:
– Адзначалі мы вяселле старасты нашай групы. Купілі ў падарунак набор сярэбраных лыжак. Ну гэта ж нецікава. Трэба ж нешта на памяць. Памятаю, пайшоў на рынак, там купіў ката-капілку з такой паганай мордай. Вяселле ў разгары, троху падпілі. Надыходзіць час дарыць падарунак. Я кажу: “Дарагі Ося!”Мы жывём у эпоху сацыялізму. А сацыялізм – гэта кантроль і ўлік. Таму, калі пойдзеш да жонкі, ты кожны раз кідай капейку ў капілку. У канцы жыцця даведаешся, колькі разоў за ўсё жыццё ты любіў сваю жонку.
Сустрэча з Марыяй Міхайлаўнай і Міхасём Канстанцінавічам расцягнулася амаль на дзве гадзіны.
Напрыканцы – агульны фотаздымак.
Міхась Канстанцінавіч дае парады фатографу:
– Далей адыдзіцеся, не так аб’ектыў трымаеце…
А ў аўтографе, што пакінуў на развітанне, напісаў: “ На ўспамін аб сустрэчы”.
Хіба ж забудзешся пра яе?